арганізацыйна-гасп. форма вядзення рыбнай гаспадаркі на натуральных вадаёмах. Асн. задачы: максімальнае змяншэнне колькасці драпежных (шчупак і вял.акунь звычайны) і малакаштоўных рыб (не менш як 80% запасу); зарыбленне вадаёмаў каштоўнымі відамі рыб (сазан, карп, пелядзь, карась, амуры, таўсталобікі, судак, вугор еўрапейскі і інш.) у адпаведнасці з іх асаблівасцямі і падрыхтаванасцю; тэхн. і біял. меліярацыя; рацыянальны адлоў таварнай рыбы; арганізацыя барацьбы з браканьерствам, забруджваннем вадаёмаў прамысл. і быт. сцёкамі, ядахімікатамі і інш. Таварную рыбу вырошчваюць на натуральных і штучных кармах. На Беларусі існуе з 1970-х г. Выхад прадукцыі з 1 га воднай пл. зарыбленых вадаёмаў да 50—600 кг, незарыбленых 10—12 кг.
Лоўля рыбы ў Браслаўскай азёрна-таварнай рыбнай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЫ́БЫ,
аб’екты рыбалоўства і рыбаводства, якія выкарыстоўваюцца чалавекам для харчавання і атрымання прадуктаў тэхн. перапрацоўкі (кармавая мука, рыбін тлушч, арган. тукі, скура, клей і інш.). Асн. П.р.: акулы, акунёвыя, асятровыя, камбалавыя, карпавыя, кефалевыя, ласасёвыя, селядцовыя, скарпенавыя (марскі акунь), скумбрыевыя, сомавыя, стаўрыдавыя, трасковыя, тунцовыя і інш. Адрозніваюць асн. (шматлікія) і пабочныя (нешматлікія) віды П.р., колькасць якіх залежыць ад экалагічных умоў вадаёма і можа змяняцца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На Беларусі каля 40 відаў П.р. У прамысл. уловах пераважаюць плотка, лешч, шчупак, карась, акунь, гусцяра, карп (сазан) і інш. Гадавы ўлоў азёрна-рачной рыбы 966 т (з азёр 608 т, з рэк 203 т, з вадасх. 155 т); з сажалак каля 4,5 тыс.т, пераважна карпа (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў
(?—1698),
жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр.рэаліст.т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РАСТ,
адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗА́Н (Cyprinus carpio),
рыба сям. карпавых. 4 падвіды: амурскі, або амурска-кітайскі (C.c. haematoptenis), аральскі (C.c. aralensis), в’етнамскі (C.c. viridiviolaccus) і еўрапейскі (C.c. carpio). Пашыраны ў вадаёмах бас. Міжземнага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага м., у воз. Ісык-Куль, у бас. рэк зах. ўзбярэжжа Ціхага акіяна. У нізоўях рэк, што ўпадаюць у паўд. моры, утварае паўпрахадныя формы. На Беларусі трапляўся ў бас.р. Дняпро. У інш. вадаёмах акультураная форма — карп.
Даўж. да 60 (зрэдку да 100) см, маса да 4,5 (адзінкавыя экз. да 45) кг. У спінным і анальным плаўніках мае па вызубленым касцявым промні. Рот канцавы. На верхняй губе і ў кутках рота па пары вусікаў. Корміцца беспазваночнымі жывёламі і раслінамі. Аб’ект промыслу і развядзення.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ, рыбгасы,
гаспадаркі, якія гадуюць рыбу ў штучных сажалках ці прыстасаваных натуральных вадаёмах (гл.Сажалкавая рыбная гаспадарка), у тэрмальных водах ДРЭС (гл.Садковая рыбная гаспадарка), у рыбагадавальніках, здабываюць у натуральных вадаёмах (гл.Азёрна-таварная рыбная гаспадарка), перапрацоўваюць рыбу. Да функцый Р.г. таксама адносяць тэхн. і біял. меліярацыю вадаёмаў, штучнае зарыбленне вадаёмаў гасп.-каштоўнымі відамі рыб (карп, белы амур, таўсталобікі, сырок і інш.), пабудову рыбаахоўных збудаванняў, узнаўленне і паляпшэнне якасці рыбных запасаў. Паводле структуры Р.г. падзяляюць на поўнасістэмныя (здзяйсняюць поўны цыкл развядзення рыбы: атрыманне спелых вытворнікаў і палавых прадуктаў ад іх, апладненне ікры і яе інкубацыя, вытрымліванне лічынак, вырошчванне моладзі, выпуск ў вадаёмы ці дарошчванне яе да таварнага стану ў сажалках) і няпоўнасістэмныя (адрозніваюцца адсутнасцю аднаго ці некалькіх звёнаў у гасп. працэсе вырошчвання рыбы). Р.г. вядуцца з рознымі абаротамі (перыяд часу, неабходны для вырошчвання рыбы ад ікрынкі да таварнай вагі).
На Беларусі 26 Р.г., якія ўваходзяць у сістэму Мінсельгасхарчу, таксама ў структуры нац. паркаў Нарачанскі, Браслаўскія азёры. Найб. буйныя: «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў і інш. Большасць Р.г. (18) з’яўляюцца поўнасістэмнымі сажалкавымі гаспадаркамі, якія вырошчваюць рыбу па 2- і 3-гадовым абаротах.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбныя гаспадаркі: 1 — адлоў рыбы са спушчаных сажалак у рыбгасе «Лактышы»; 2 — адлоў рыбы ў рыбгасе «Лахва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВКБССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ.буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВКБССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Я.А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),
атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВКБССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВКСССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыісял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВКБССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВКБССР IX склікання. Мн., 1929.