МІКІТЭ́НКА (Іван Кандратавіч) (6.9.1897, с. Роўнае Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.10.1937),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1927). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Дэбютаваў вершамі ў 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «На сонечных гонях» (1926), аповесцей «Браты» (1927), «Вуркаганы» (1928), незакончанага рамана «Ранак» (1933). Драм. творы прасякнуты гуманізмам, вызначаюцца спалучэннем лірыкі, патэтыкі і сатыры: п’есы «Дыктатура» (1930, паст. БДТ-3 1930), «Справа гонару» (1931), «Бастылія божай маці» (1934), лірычная камедыя «Дзяўчаты нашай краіны» (1933, паст. БДТ-3 1934), сатыр. камедыя «Сола на флейце» (1935), «Калі ўзыходзіла сонца» (1937, апубл. 1962) і інш. Літ. крытык, публіцыст (кнігі «Галубы міру», 1929; «Трынаццатая вясна», 1930). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.​Каваль, В.​Сташэўскі.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ. 1982—83;

Бел. пер. — Вуркаганы. Мн., 1932;

Рус. пер. — Светите, звезды!: (Сб. пьес). М., 1971.

В.​А.​Чабаненка.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКАЯ (Іна Люцыянаўна) (н. 28.4.1925, г. Армавір, Расія),

рускі тэатразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1975), праф. (1976). Засл. дз. маст. Расіі (1981). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1947). Даследуе праблемы драматургіі і т-ра. Аўтар першай манаграфіі пра творчасць А.​Макаёнка «Камедыя на арбіце» (1979), артыкулаў пра п’есы К.​Крапівы, К.​Губарэвіча і інш.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».

Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.​Трухана і В.​Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.​Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.​Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.​Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.​Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.​Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.​Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.​Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.​Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.​Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.​Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.​Баталава, Г.​Гатоўчыц, Т.​Міронава, І.​Падлівальчаў, Т.​Папова, А.​Сушко, Г.​Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.​Дзінаў, І.​Мацкевіч і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (26.5.1908, Масква — 20.4.1986),

рускі драматург. Скончыў тэатр. школу ў Ленінградзе. Працаваў у тэатрах Ленінграда і Масквы. Аўтар п’ес «Далёкая дарога» (1935), «Таня» (1938), «Горад на світанні» (1941), «Іркуцкая гісторыя» (1959), «Казкі старога Арбата» (1970), «Старамодная камедыя» (1975), «Пераможніца» (1983) і інш. У творах тонка спалучае псіхалагізм з лірызмам, жыццёвую дакладнасць з рамантычнай узнёсласцю, вастрыню сюжэтных калізій з вольнай кампазіцыяй п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1980.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,

устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.

М.​А.​Лазарук.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,

від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.​Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Люцыян Таполя» М.​Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),

від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.​Гальдоні, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, У.​Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.​Ільінскі, Г.​Глебаў, П.​Малчанаў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛАК ((Vallak) Пээт) (сапр. Педаяс Пеэтэр; 23.6.1893, вол. Валцвяціс Пярнускага р-на, Эстонія — 17.3.1959),

эстонскі пісьменнік. Майстар навелы. Вучыўся жывапісу ў Тарту і Пецярбургу. Друкаваўся з 1908. Першая кніга — камедыя «Кашмары» (1924). У кнігах навел (усіх 9) «Чорны крыж» (1925), «Бунт мазгоў» (1926), «Самасуд» (1932), «Справы навыварат» (1935) і інш., рамане «Бадзяга» (1927) — паўсядзённая рэчаіснасць, жыццё і характары абяздоленых людзей тагачаснай Эстоніі, напружаны драматызм, спалучэнне элементаў фантастыкі і рэалізму.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1968;

Повести и рассказы. Л., 1984.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Bielski; сапр. Вольскі) Марцін

(1495 в. Бяла, каля г. Серадз, Польшча — 18.12.1575),

польскі пісьменнік і гісторык. Склаў «Жыццяпісы філосафаў» (1535), напісаў п’есу «Камедыя пра Юстына і Канстанцыю» (1557), шэраг сатыр. вершаў. Першы з храністаў пачаў пісаць на польск. мове. Найб. вядомы як складальнік «Хронікі ўсяго свету» (Кракаў, 1551, 1554, 1564) — гіст.-літ. кампіляцыі, багатай разнастайнымі звесткамі з гісторыі многіх народаў свету, у т. л. славянскіх. Адзін з аўтараў «Хронікі Польшчы», якую дапоўніў матэрыяламі бел.-літоўскіх летапісаў і выдаў у 1597 яго сын (гл. Бельскі Іахім).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)