СУХАВО́-КАБЫ́ЛІН Аляксандр Васілевіч (29.9.1817, Масква — 24.3.1903),
рускі драматург.Акад. Пецярбургскай АН (з 1902). Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1838—40 вывучаў філасофію ў германскіх ун-тах. У драматург. трылогіі «Карціны мінулага» (як трылогія паст. ў 1917 У.Меерхольдам у Александрынскім т-ры): камедыя «Вяселле Крачынскага» (нап. 1854, паст. 1855, Малы т-р), драма «Справа» (нап. 1861, паст. 1882), камедыя-жарт «Смерць Тарэлкіна» (нап. 1869, паст. 1900) паказаў тагачасныя норавы, усёдазволенасць і бюракратызм судовых чыноўнікаў і паліцыі, трагічную залежнасць чалавека ад іх улады. Займаўся філасофіяй (аўтар уласнай «філасофіі Ўсясвету»), перакладаў творы Гегеля. Яго п’есы карысталіся папулярнасцю на Беларусі. П’есу «Вяселле Крачынскага» ставілі Дзярж.рус.драм.т-р (1933), Бел.т-р імя Я.Коласа (1949, 1981), «Смерць Тарэлкіна» — Дзярж.рус.драм.т-р (1954), Магілёўскі абл.драм.т-р (1989), Нац.т-р імя Я.Купалы (1996, пад назвай «Смерць Кандзіда Тарэлкіна») і інш.