ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.​Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.​Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),

спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн. тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл. Гідраўлічны транспарт).

Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл. Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.

Літ.:

Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;

Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;

Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.

У.​М.​Сацута.

Схема гідрамеханізацыі земляных работ (гідраманіторны спосаб): 1 — месца ўкладкі грунту; 2 — рака; 3 — помпавая ўстаноўка; 4 — напорны вадавод; 5 — лінія электраперадачы; 6 — гідраманітор; 7 — кар’ер; 8 — канава для збору пульпы; 9 — землясосная ўстаноўка; 10 — напорны пульпавод; 11 — размеркавальны пульпавод; 12 — скідныя калодзежы.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.

Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл. Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл. Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл. Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл. Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл. Ахова вод).

Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс. г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс. г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.​Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.​Я.​Жукоўскі, М.​С.​Ляляўскі, М.​М.​Паўлоўскі, Ф.​Р.​Зброжак, М.​А.​Веліканаў, П.​Г.​Аляксандраў, Б.​Я.​Ведзянееў, Б.​Р.​Галёркін, М.​М.​Герсяванаў, С.​Я.​Жук і інш.

На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет. буд-ва БПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.

Літ.:

Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;

Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.

Г.​Г.​Круглоў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)