твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.
Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.Фёяда пра Фантамаса, рэж В.Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».
У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РЫН М., Гарын-Міхайлоўскі
[сапр.Міхайлоўскі Мікалай Ягоравіч (Рыгоравіч); 20.2.1852, С.-Пецярбург — 10.12.1906],
рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1878). Працаваў у Мін-ве шляхоў зносін. У 1886 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку ў Самарскай губ., дзе беспаспяхова спрабаваў змяніць жыццё сялян шляхам гасп. і культ. пераўтварэнняў. Вярнуўся на службу. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў з канца 1880-х г. Большасць яго твораў маюць аўтабіягр. аснову. Па-мастацку перапрацоўваючы асабістыя ўражанні, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз сучасніка. Аўтар тэтралогіі «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (выд. 1907), цыклаў нарысаў «Некалькі гадоў у вёсцы» (1892), «Па Карэі, Маньчжурыі і Ляадунскім паўвостраве», «Вакол свету» (абодва 1899), «Вайна. Дзённік сведкі» (1904). Асобныя творы Гарына на бел. мову пераклала У.Сакалоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1957—58.
Літ.:
Юдина И.М. Н.Г.Гарин-Михайловский. Л., 1969;
Н.Г Гарин-Михайловский в воспоминаниях современников. Новосибирск, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),
адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.
Літ.:
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,
прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ДЭФЕ́КТЫ,
дэфекты структуры, якія ўтвараюцца пры апрамяненні цвёрдых цел іанізавальным выпрамяненнем (радыяцыяй). Адрозніваюць абарачальныя Рд. — назіраюцца ў працэсе апрамянення і знікаюць пасля спынення ўздзеяння радыяцыі, і астаткавыя — назапашваюцца ў працэсе апрамянення і захоўваюцца пасля яго. Паводле саставу бываюць уласныя і дамешкавыя (у іх склад уваходзяць атамы легіравальнай дамешкі), паводле памераў — кропкавыя і працяглыя (вобласці назапашвання ўласных і/ці дамешкавых дэфектаў).
Энергія, якая перадаецца пры апрамяненні цвёрдаму целу (мішэні), можа прывесці да разрыву міжатамных сувязей з утварэннем першасных Р.д. — пары міжвузельны атам — вакансія (гл.Вакансія ў фізіцы). Жорсткае эл.-магн. выпрамяненне (ультрафіялетавае выпрамяненне, рэнтгенаўскае выпрамяненне, гама-выпрамяненне) непасрэдна ўзбуджае электронную сістэму цвёрдага цела, а потым уключаюцца механізмы зрушэння атамаў са становішчаў устойлівай раўнавагі. Утварэнне Р.д. пры перадачы энергіі выпрамянення электронам рэчыва мае месца ў асноўным у дыэлектрыках і паўправадніках. Калі энергія зрушанага ў міжвузелле атама мішэні значна перавышае парогавую энергію ўтварэння Р.д., то такі атам можа пры руху ўтвараць пары міжвузельны атам — вакансія. Магчыма таксама ўтварэнне Р.д. у выніку перадачы часткі энергіі ядзерных рэакцый атаму мішэні. Колькасць і структуру Р.д. можна змяніць награваннем мішэні (тэрмічны адпал дэфектаў). Утварэнне Р.д. у спалучэнні з інш. знешнімі ўздзеяннямі (мех. нагрузкі, эл. і магн. палі, асвятленне) дае магчымасць мэтанакіравана мадыфікаваць уласцівасці матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НА-ІРА́КСКАЯ ВАЙНА́ 1980—88 Выклікана ідэалаг. і паліт.-эканам. процістаяннем гэтых дзяржаў, у т. л. іх барацьбой за кантроль над нафтавымі рэсурсамі ў Перс. заліве; Іран імкнуўся таксама скінуць кіруючы ў Іраку рэжым С.Хусейна. Пачалася з уступлення ў вер. 1980 іракскіх войск у іранскую прав. Хузестан з намерам Ірака змяніць на сваю карысць межы, устаноўленыя ў 19.75 паводле дагавора з Іранам. Пасля адкрыцця Іракам «другога фронту» ў Курдыстане іранскія войскі да мая 1982 адваявалі амаль усе акупіраваныя Іракам тэрыторыі і да 1988 рабілі шматлікія, але малавыніковыя наступленні на пазіцыі іракскіх войск. З 1982 вайна суправаджалася ўзаемнымі бамбардзіроўкамі гарадоў, з 1984 вялася «танкерная вайна» (узаемныя напады на судны-танкеры). Узнікла пагроза інтэрнацыяналізацыі вайны (Ірак падтрымалі Кувейт і Саудаўская Аравія; каб засцерагчы ад небяспекі трансп. шляхі экспарту нафты, свае ваен. караблі ў Перс. заліў накіравалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя; з 1987 баявыя караблі ЗША, якія канваіравалі кувейцкія танкеры, уступалі ў сутыкненні з іранскімі ВМС). Доўгі час ААН не ўдавалася спыніць вайну дыпламат. сродкамі. Нарэшце пры пасрэдніцтве ген. сакратара ААН Х.Перэса дэ Куэльяра Ірак і Іран пагадзіліся на перагаворы аб перамір’і (1988). 16.8.1990 заключаны мірны дагавор. Агульныя страты ў вайне паводле розных падлікаў склалі ад 500 тыс. да 1 млн.чал., эканам. страты абедзвюх краін — каля 400 млрд. долараў.
Літ.:
Ниязматов Ш.А. Ирано-иракский конфликт: Ист. очерк. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,
тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.
Сфармуляваны І.Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону:
, дзе
— імпульс, m — маса і — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;
Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСТВА,
прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр.інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш.дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.