Ю́РСКІ Сяргей Юр’евіч (н. 16.3.1935, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1959). З 1957 працаваў у Ленінградскім Вял. драм. т-ры, з 1978 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. У 1992 арганізаваў у Маскве «АРЦель АРТыстаў Сяргея Юрскага». Яго мастацтву ўласцівы гратэскная вастрыня і эксцэнтрычнасць малюнка ў спалучэнні з тонкім, глыбокім псіхал. аналізам. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Восіп («Рэвізор» М.​Гогаля), Тэсман («Геда Габлер» Г.​Ібсена), Генрых IV («Генрых IV» У.​Шэкспіра) і інш. Паставіў спектаклі: «Тэма з варыяцыямі» С.​Алёшына (1979, і роля Ігара Міхайлавіча), «Праўда — добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага (1980, роля Гразнова), «Пахаванне ў Каліфорніі» Р.​Ібрагімбекава (1982, роля Вандроўніка), «Гульцы — XXI» паводле Гогаля (1992, роля Глова), «Крэслы» Э.​Іанеска (1994, роля Лёўё), «Пасля рэпетыцыі» І.​Бергмана (1996, роля Хенрыка Фоглера), «Правакацыя» І.​Вацэціса (2000) і інш.; шэраг тэлеспектакляў. З 1960 здымаецца ў кіно: «Час, уперад!», «Рэспубліка ШКІД», «Залатое цяля», «Месца сустрэчы змяніць нельга» (тэлефільм) і інш. Аўтар кніг «Хто трымае паўзу» (1977), «У часы нягоды» (1989), «Сюр» (1996), «Жэст» (1997), «Змесціва скрынкі» (1999) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)