ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці,

падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),

мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл. Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр. вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,

сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСВА́»,

часопіс гумару і сатыры. Выдавалася з 25.3 да 25.8.1934 у Вільні на бел. мове студэнтам Віленскага ун-та П.​Радзюком па заданні ЦК КПЗБ. Працягвала традыцыі забароненых польскімі ўладамі час. «Маланка», газет «Беларуская газета» і «Літаратурная старонка». Выражала інтарэсы дэмакр. пластоў насельніцтва Зах. Беларусі. Апрача сатыр. малюнкаў змяшчала публіцыст. вершы, дэкларацыі, лісты працоўных. Закранала балючыя праблемы крызісу, паўперызацыі вёскі, выступала супраць фашызму ў Германіі, польскага шавінізму і інш. На 6-м нумары забаронена ўладамі, рэдактар-выдавец зняволены на 6 гадоў.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.

В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,

спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.​Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «БЕЛАВЕ́ЖА» ў Аргенціне.

Існавала ў 1938—49. Аб’ядноўвала каля 400 беларусаў-эмігрантаў (1942). Пры т-ве дзейнічалі жаночая і маладзёжная секцыі, драм. гурток, бібліятэка-чытальня (больш за 1 тыс. тамоў). У маі 1939 увайшло ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне і разам з ёй у 1941 далучылася да Славянскага саюза Аргенціны — аб’яднання прасав., пракамуніст. арыентацыі. З 1945 наз. Бел. т-ва Я.​Коласа. Дзейнасць т-ва забаронена пасля асуджэння аргенцінскімі ўладамі Слав. саюза як антыдзярж. арг-цыі.

Т.​А.​Папоўская.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ СЯЛЯ́НСКАЙ ЛЯВІ́ЦЫ «САМАПО́МАЦ»,

рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская арг-цыя ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1928—31. Створана з членаў левага крыла партыі «Стронніцтво хлопске» і Незалежнай сял. партыі. Праграма змяшчала рэв.-дэмакр. і часткова сацыяліст. патрабаванні: зямля сялянам без выкупу, нацыяналізацыя прам-сці, дэмакр. правы, самавызначэнне прыгнечаным народам і інш. У маі 1931 аб’ядноўвала 12,5 тыс. членаў. Кіраўнікі А.​Бомба, С.​Вуйтовіч, М.​Гвяздовіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Samopomoc chłopska» («Сялянская ўзаемадапамога»). Супрацоўнічала з левымі партыямі і арг-цыямі Польшчы. Забаронена польскімі ўладамі.

У.​А.​Палуян.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІРЭ́ЛЬ ((Demirel) Сулейман) (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́М (ад араб. харам — забароненае месца),

памяшканне ў доме багатага мусульманіна, прызначанае для жанчын; а таксама насельніцтва гэтага памяшкання — жонкі, наложніцы. Вялікія гарэмы правіцеляў і заможных саноўнікаў у Турцыі, Іране, Афганістане і інш. краінах ахоўвалі еўнухі; мужчынам (акрамя мужа і сыноў) уваход у гарэм быў забаронены. У многіх усх. краінах гарэмам называюць таксама жаночыя прыёмныя пакоі ў палацы, жаночае купэ ў цягніку, трамваі. Звычай ізаляваць жанчын арабы перанялі ў 7 ст. з Візантыі. У 20 ст. гарэмы паступова знікаюць, асабліва ў тых краінах, дзе забаронена мнагажонства.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)