ЛЕГРА́Н ((Legrand) Мішэль) (н. 24.2.1932, Парыж),

французскі кампазітар, джазавы піяніст, дырыжор. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1950, клас Н.​Буланжэ). Працаваў акампаніятарам эстр. спевакоў. Напісаў шэраг балетаў для трупы «Балет Парыжа», у т. л. «Праклятыя красуні» (1955), «Валянціна» (1956). Пранікнёны лірызм уласцівы яго музыцы да муз. фільмаў «Шэрбургскія парасоны» (1963), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967). Яго музыка вылучае таксама кінафільмы «Незвычайная Амерыка» і «Жанчына ёсць жанчына», «Сем смяротных грахоў», «Ева», «Лета 42-га» і інш. Неаднаразова наведваў Беларусь, у т. л. як старшыня журы міжнар. фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬДУНГ ((Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс) (каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),

нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Г.Бальдунг. Сем узростаў жанчыны. 1544.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ЎСКАС ((Petrauskas) Мікас) (19.10.1873, пас. Палушэ Уценскага пав., Літва — 23.3.1937),

літоўскі кампазітар, спявак (лірычны тэнар), дырыжор. Брат К.Пятраўскаса. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1906). З 1906 у Швейцарыі, з 1907 і ў 1922—23, 1926—28 у ЗША, дзе стварыў муз. школы, хар. калектывы. У 1920—21, 1924—25 і з 1928 у Літве. Сярод твораў: оперы «Бірутэ» (паст. 1906), «Эгле — каралева вужоў» (у сааўт., паст. 1924), каля 20 аперэт, у т. л. «Трубачыст і мельнік», «Адам і Ева» (абедзве паст. 1903); харавыя і сольныя песні на словы літ. паэтаў, дуэты, апрацоўкі нар. песень.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),

нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.​Карандэле, 1517).

Я.Госарт. Партрэт канцлера Ж.​Карандэле. 1517.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЕР ((Köler) Іохан) (8.3.1826, Вастэмыйза Вільяндзіскага пав., Эстонія — 22.4.1899),

эстонскі жывапісец і акварэліст, заснавальнік нац. школы жывапісу. Скончыў Пецярбургскую АМ (1855). У 1857—62 вучыўся і працаваў у Рыме і Парыжы. З 1862 у Пецярбургу. Выкладаў у школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1862—63) і АМ (1869—70, з 1867 праф.). Пісаў пераважна камерныя і парадныя партрэты, рэліг. і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Геркулес выводзіць Цэрбера з пекла» (1855), аўтапартрэт (1859), «Дзяўчынка ля крыніцы» (1859—61), партрэты бацькі і маці мастака (1857—64), «Абуджэнне ад чароўнага сну, або Эстонская легенда» (1864—65), «Ева з гранатам» (1879—80), «Праклён Ларэляў манахамі» (1887) і інш.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НГЕР ((Klinger) Макс) (18.2.1857, г. Лейпцыг, Германія — 4.7.1920),

нямецкі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Карлсруэ і Берліне ў К.​Гусава (1874—76). Працаваў пераважна ў Лейпцыгу, у 1888—93 у Рыме. У творчасці спалучаў рысы сімвалізму, мадэрну і сац. крытыкі: жывапісныя работы «Укрыжаванне» (1890), «Хрыстос на Алімпе» (1897), серыі афортаў «Ева і будучыня», «Амур і Псіхея» (абедзве 1880), «Пальчатка» (1881), «Жыццё» (1881—84), «Драмы» (1883), «Каханне» (1887), «Пра смерць» (1889, 1898—1910), цыкл афортаў і літаграфій «Фантазія Брамса» (1890—94), «Пачатак вясны» і інш. Імкнуўся да адраджэння паліхромнай скульптуры: «Касандра» (1895), «Бетховен» (1886—1902) і інш.

М.Клінгер. Пачатак вясны.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ЙСЛЕР ((Preisler) Ян) (18.2.1872, Попавіцы каля г. Бераўн, Чэхія — 27.4.1918),

чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1887—95); выкладаў у ёй (1908—12) і Пражскай АМ (з 1913). Працаваў у рэчышчы сімвалізму. Сярод твораў: размалёўкі ў касцёле ў Пршэшціцы (1898), чэха-славацкім павільёне на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1899—1900), атэлі «Гранд» у Градзец-Кралаве (1903—04), мазаікі ў будынках б. Земскага банка ў Празе (1909—10) і Абласнога музея ў Градзец-Кралаве (1911); станковыя кампазіцыі «Вясна» (1900), «Карціна з вялікага цыкла» (1901—02), «Казка» (1902), «Чорнае возера» (1904), «Закаханыя» (1905), «Дзяўчаты ў лесе» («Вясна», 1906), «Адам і Ева», «Зялёны пейзаж» (абедзве 1908) і інш.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РГА ((Verga) Джавані) (31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),

італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.​Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.

Тв.:

Рус. пер. — Семья Малаволья. Л., 1936;

Драмы. М.; Л., 1941;

Новеллы. М., 1957;

Мастро дон Джезуальдо. Л., 1980.

Літ.:

Джованни Верга: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ (Grabenbauer),

музыканты 18 — пач. 19 ст.

Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.​К.​Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.​Лазарыні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС ((Marcks) Герхард) (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)