КЛІ́НГЕР ((Klinger) Макс) (18.2.1857, г. Лейпцыг, Германія — 4.7.1920),
нямецкі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Карлсруэ і Берліне ў К.Гусава (1874—76). Працаваў пераважна ў Лейпцыгу, у 1888—93 у Рыме. У творчасці спалучаў рысы сімвалізму, мадэрну і сац. крытыкі: жывапісныя работы «Укрыжаванне» (1890), «Хрыстос на Алімпе» (1897), серыі афортаў «Ева і будучыня», «Амур і Псіхея» (абедзве 1880), «Пальчатка» (1881), «Жыццё» (1881—84), «Драмы» (1883), «Каханне» (1887), «Пра смерць» (1889, 1898—1910), цыкл афортаў і літаграфій «Фантазія Брамса» (1890—94), «Пачатак вясны» і інш. Імкнуўся да адраджэння паліхромнай скульптуры: «Касандра» (1895), «Бетховен» (1886—1902) і інш.