ДЫЯСТЭРЭАМЕ́РЫ, дыястэрэаізамеры (ад дыя... + стэрэа... + ізамеры),
прасторавыя ізамеры з некалькімі элементамі хіральнасці (асіметрычнымі цэнтрамі), але з рознай канфігурацыяй часткі з іх. Д. адрозніваюцца адзін ад аднаго велічынёй аптычнага вярчэння і не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі. Маюць розныя фіз. (т-ры кіпення і плаўлення, растваральнасць і інш.) і некат. хім. ўласцівасці, напр., D-(+)-вінная і меза-вінная кіслоты. Адзін з метадаў атрымання аптычна актыўных рэчываў — расшчапленне рацэматаў, заснаваны на ўтварэнні пары Д. і іх наступным раздзяленні фіз. метадамі (напр., крышталізацыяй). Гл. таксама Аптычная ізамерыя, Ізамерыя.
Л.М.Скрыпнічэнка.
Дыястэрэамеры D-(+)-вінная (I) і меза-вінная (II) кіслоты.
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1934). Замежны чл.-кар.Рас.АН (1924) і ганаровы чл.АНСССР (1929). Скончыў Школу фізікі і хіміі (1891) і Нармальную школу (1897) у Парыжы. З 1902 у Калеж дэ Франс (з 1902 праф.), адначасова з 1905 у Школе фізікі і хіміі (з 1925 дырэктар). Навук. працы па іанізацыі газаў, квантавай тэорыі, тэорыі адноснасці, магнетызме і ультраакустыцы. Стварыў статыстычную тэорыю дыя- і парамагнетызму (1903—05). Незалежна ад А.Эйнштэйна ўстанавіў сувязь паміж масай і энергіяй (1906) і выявіў існаванне дэфекту масы (1913). Распрацаваў асновы гідралакацыі, першым выкарыстаў ультрагук для падводнай сігналізацыі і выяўлення падводных лодак (1916). Актыўны антыфашыст і прыхільнік Народнага фронту Францыі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. М., 1960.
Літ.:
Старосельская-Никитина О.А. Поль Ланжевен. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ГНАЗ (ад дыя... + грэч. gnōsis распазнаванне),
медыцынскае заключэнне пра стан арганізма хворага, захворванне (траўму) ці прычыну смерці, выражанае ў тэрмінах, прынятых класіфікацыямі і пералікам хвароб. Д. — заключны эта дыягностыкі. Ён дапамагае выбраць аптымальныя метады лячэння і прафілактыкі. Адрозніваюць 4 віды Д. Клінічны Д. адлюстроўвае асаблівасці захворвання канкрэтнага хворага і назву пэўнай хваробы. Для яго ўстанаўлення вызначаюць прыроду і механізм развіцця хваробы, ускладненні і хваробы, якія развіваюцца адначасова, характар і ступень парушэння функцый сістэм. Бывае папярэдні і заключны. Патолагаанатамічны Д. устанаўлівае ўрач-патолагаанатам пасля смерці хворага на аснове марфал. змен. Эпідэміялагічны Д. — заключэнне аб прычынах і асаблівасцях узнікнення, развіцці, цячэнні і знікненні эпідэміял. ачага. На яго аснове складаецца план супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Судова-медыцынскі Д. — спец. заключэнне аб сутнасці пашкоджання (хваробы), стане хворага ці прычыне смерці, складзенае на аснове суд.-мед. экспертызы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),
від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.
Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.Ж.Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.
З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.Красоўскі, І.Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.Крохалеў, У.Лагун, Л.Асядоўскі, Б.Аракчэеў; абедзве ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.Дурчын, Ф.Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).
Дыярама. «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.Драчоў. 1991—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ (ад дыя... + магнетызм),
уласцівасць рэчыва намагнічвацца насустрач знешняму магн. полю; адзін з відаў магнетызму. Уласцівы ўсім рэчывам; вызначае паводзіны для дыямагнетыкаў у магн. полі: неаднароднае поле выштурхоўвае іх у бок з меншай напружанасцю, у аднародным полі прадаўгаваты ўзор арыентуецца ўпоперак да сілавых ліній поля. У найб. ступені выяўляецца для звышправаднікоў.
Простая тэорыя Д. газу неўзаемадзейных атамаў створана П.Ланжэвэнам і заснавана на вылічэнні магн. моманту, які ўзнікае ў выніку Лармара прэцэсіі электронаў на атамных арбітах. Пры ўнясенні цела ў магн. поле ў электроннай абалонцы кожнага яго атама ўзнікаюць індуцыраваныя кругавыя токі, якія ствараюць магнітны момант, накіраваны ў адпаведнасці з Ленца правілам процілегла знешняму полю (незалежна ад таго, ці меў атам уласны магн. момант ці не і як ён быў накіраваны). Электроны праводнасці металаў і паўправаднікоў пачынаюць рухацца па спіральных квантаваных арбітах, што таксама выклікае Д. (гл.Ландау дыямагнетызм). Індуцыраваны магн. момант прапарцыянальны напружанасці знешняга магн поля і не залежыць ад т-ры ўзору (акрамя металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах, дзе назіраецца перыяд. змяненне магнітнай успрыімлівасці пры павольным павелічэнні напружанасці магн. поля — эфект Дэ Хааза — ван Альфена). Найб. значэнне магн. успрыімлівасці маюць звышправаднікі, унутр якіх магн. поле не трапляе; іх Д. абумоўлены макраскапічнымі паверхневымі токамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),
рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл.Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл.Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.
На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.
Літ.:
Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;
Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.