Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ... (грэч. dia), прыстаўка, якая абазначае праходжанне праз што-н. ад пачатку і да канца ў прасторы і часе, поўнае завяршэнне дзеяння, раздзяленне, аддзяленне, напр., дыягенез, дыяпаўза, дыяскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯСКО́П (ад дыя... + ...скоп),
дыяпраектар, оптыка-механічная прылада для праецыравання з павелічэннем відарысаў празрыстых арыгіналаў (дыяпазітываў, дыяфільмаў і інш.) на ўбудаваны ў прыладу або насценны экран. Д. выкарыстоўваюць для дэманстрацыі рысункаў, чарцяжоў, чытання мікрафотакопій і інш. Разнавіднасць Д. — фільмаскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФІ́ЛЬМ (ад дыя... + фільм),
кароткаметражны фільм, які складаецца з чорна-белых ці каляровых статычных дыяпазітываў на кінаплёнцы, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці і аб’яднаных агульным сюжэтам. 50—70 кадраў. Ёсць агучаныя Д. Выкарыстоўваюцца ў навуч. працэсе, у лекцыйнай рабоце. Дэманструюць іх з дапамогай фільмаскопа ці дыяпраектара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФРА́ГМА (ад дыя... +грэч. phragma перагародка),
грудабрушная перапона, сухажыльна-мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной у млекакормячых жывёл і чалавека. Д. наз. таксама некат. мышцы ці групы мышцаў, што абмяжоўваюць якую-н. поласць: Д. рота, утвораная сківічна-пад’язычнай мышцай, Д. таза, мочапалавая Д. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАЗІТЫ́Ў (ад дыя... + лац. positivus дадатны),
фатаграфічны каляровы ці чорна-белы пазітыўны відарыс на празрыстай аснове (шкле або плёнцы), які разглядаецца на прасвет ці праецыруецца на экран. Для вырабу Д. выкарыстоўваюць абарачальныя ці спец. дыяпазітыўныя фотаплёнкі або фотапласцінкі. Да Д. часта адносяць рысункі, карціны, чарцяжы, выкананыя на адфіксаваных фотапласцінках ці фотаплёнках. Д. выкарыстоўваюць для навуч., дэманстрацыйных і інш. мэт. Шэраг Д., аб’яднаных агульнай тэмай, складае дыяфільм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭРМІ́Я (ад дыя... + грэч. thermē гарачка, цеплыня),
эндатэрмія, тэрмапенетрацыя, адзін з метадаў электралячэння, які прадугледжвае награванне органаў і тканак арганізма токам высокай частаты (1,65 Мгц) і вял. сілы (да 3 А). Выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб, у аснове якіх спазмы крывяносных сасудаў, мачаточніка, жоўцевых праток, жоўцевага пузыра і інш. полых органаў, пры хранічных нягнойных запаленчых хваробах, запаленнях нерваў і іх карэньчыкаў, неўралгіях, сустаўных, мышачных і інш. болях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПТА́З (ад дыя... + грэч. optazō бачу),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, водны сілікат медзі Cu6[Si6O18]∙6H2O. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, слупкаватыя. Агрэгаты прамяністыя і суцэльныя дробназярністыя. Колер ізумрудна-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 3,3 г/см³. Трапляецца ў зоне акіслення меднарудных радовішчаў разам з малахітам, кальцытам, кварцам і інш. Д. кампанент некат. медных руд. Празрыстыя крышталі («медны ізумруд») выкарыстоўваюць у ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),
сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГРА́МА (ад дыя... + ...грама),
графічнае адлюстраванне суадносін паміж рознымі велічынямі; у статыстыцы — чарцёж, на якім у маштабе адлюстраваны даныя ў выглядзе ліній ці геам. фігур. Бываюць лінейныя, стужачныя, слупковыя, сектарныя, аб’ёмныя і інш.Напр., Д. накіраванасці антэны паказвае залежнасць напружанасці поля выпрамянення ад напрамку; фазавая Д. — залежнасць устойлівага фазавага стану рэчыва ад тэрмадынамічных параметраў, якія яго вызначаюць (гл.Дыяграма стану); у вытв-сці з дапамогай Д. рашаюцца задачы мадэлявання працэсаў кіравання, выяўляюцца і рацыяналізуюцца ўзаемасувязі паміж рознымі фактарамі, выяўляюцца разліковыя паказчыкі і нарматывы, выконваюцца кантроль, улік і інш.Гл. таксама Гістаграма, Графік, Намаграма.