атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля 2/3 з сям.агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.
Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл.Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб.стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІ,
нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс.га.
На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аўДубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.
А.А.Галдзянкоў.
Да арт.Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».