ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНАЯ СЫРАВІ́НА,

здабытыя карысныя выкапні, падвергнутыя апрацоўцы, неабходнай для іх гасп. выкарыстання; таварная прадукцыя горназдабыўной прамысловасці. М.с. падзяляецца на рудную (руды ўсіх металаў), нярудную (гл. Нярудныя карысныя выкапні) і гаручую (гл. Каўстабіяліты). Для атрымання таварнай прадукцыі некат. віды здабытых карысных выкапняў (нафта, газ, баксіты, марганцавыя і хромавыя руды, мінер. буд. матэрыялы, прэсныя і мінер. падземныя воды і інш.) патрабуюць нязначнай апрацоўкі (абяссольванне, абязводжванне, ачыстка, сушка, фільтраванне, драбленне і інш.). Для інш. відаў карысных выкапняў з-за невысокай канцэнтрацыі карысных кампанентаў, фіз. і інш. асаблівасцей, каб атрымаць тэхналагічна каштоўныя таварныя прадукты, якія б задавальнялі патрабаванні прам-сці да сыравіны, неабходна глыбокая перапрацоўка (гл. Абагачэнне карысных выкапняў). На Беларусі здабываюць такую М.с., як каменная і калійныя солі, нафту, розныя мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, торф, сапрапель, прэсныя і мінер. падземныя воды.

П.​З.​Хоміч.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],

індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.​Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),

мезазой

[ад мез(а)... + грэч. zōe жыццё],

другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.​Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).

У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл. Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч. Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.

Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на Пд Усх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.

На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр. ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах. ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),

Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс. км². Нас. 1072 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).

Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.

Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.

Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.

Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г. тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар. рэв. сілы). У 1972 Спец. к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.​Кабрал (брат забітага А.​Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац. нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.

У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.

Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал. харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс. т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На У гал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс. т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн. кВтгадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс. км, у т. л. 2,7 тыс. км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс. км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн. дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн. дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гвінеі-Бісау.
Да арт. Гвінея-Бісау. Гай какосавых пальмаў на захадзе краіны.
Да арт. Гвінея-Бісау. Порт Бісау.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)