Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕяйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл.Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл.Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕў тэхніцы,
працэс разбурэння кавалкаў цвёрдых матэрыялаў у больш дробныя. Робіцца з дапамогай драбілак, звычайна камбінуецца з сартаваннем на грохатах. Найб. пашыраны мех. спосабы Д.: расцісканне, расколванне, сціранне, удар, іх камбінацыі. Пры неабходнасці адзін і той жа спосаб можа выкарыстоўвацца некалькі разоў. Пры Д. атрымліваюць прадукты з памерам часціц больш за 5 мм (працэс атрымання больш дробных матэрыялаў наз.здрабненнем або памолам).
Спосабы драблення: 1 — расцісканне; 2 — расколванне; 3 — сціранне; 4, 5 — удары.Схемы драблення: а — аднаступеньчаты цыкл; б — многаступеньчаты цыкл; 1 — матэрыял; 2 — грохат; 3 — буйныя фракцыі пасля грохата; 4 — конусная драбілка; 5 — фракцыі пасля драблення; 6 — дробныя фракцыі, адсартаваныя грохатам; 7 — шчокавая драбілка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сегментацыя яйца, гл.Драбленне
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,
механічнае драбленне (парушэнне) і біяхім. змяненне мінералаў і горных парод у выніку жыццядзейнасці раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Пры біялагічным выветрыванні адбываецца таксама ўтварэнне раствораў, новых мінералаў, горных парод і некаторых карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВАЯ ЭРО́ЗІЯ, экзарацыя,
разбурэнне ледавіком і ўмерзлымі ў яго абломкамі горных парод свайго ложа. Адбываецца пры росце і прасоўваннях ледавіка. Выклікае здзіранне, драбленне, растрэскванне, адшчапленне парод. Садзейнічае выпрацоўцы многіх форм ледавіковага рэльефу. Працэсы Л.э. на Беларусі абумовілі ўтварэнне гляцыядыслакацый (у т. л. адорвеняў), ледавіковых лагчын, эратычных валуноў, ледавіковай штрыхоўкі, сешчаў, значнай колькасці азёрных катлавін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАРО́ТЫЯ (Protostomia),
падраздзел двухбакова-сіметрычных беспазваночных жывёл, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца на месцы першаснага рота (бластапора) або яго пярэдняй часткі, анальная — на заднім канцы цела. Уключае імшанак, кольчатых чарвей, круглых чарвей, малюскаў, немертын, мечаногіх, плоскіх чарвей, фаранід, членістаногіх, аніхафор, калючагаловых. Проціпастаўляюцца другаснаротым, у якіх ротавая адтуліна ўтвараецца незалежна ад першаснага рота.
Шкілет вонкавы (кутыкула, хіцін ці ракавіна); пярэдняя і задняя кішкі развіваюцца праз прагінанне эктадэрмы; нерв. сістэма прадстаўлена нерв. ствалом і гангліямі (нерв. вузламі), выдзяляльная — нефрыдыямі. Драбленне яйца спіральнае (калі не зменена другасна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́СТУЛА (ад грэч. blastos зародак),
заключная стадыя драблення яйца, што завяршае цытатыпічны перыяд развіцця і прыводзіць да ўтварэння шматклетачнага аднаслойнага зародка. У сярэдзіне бластулы знаходзіцца бластацэль (поласць драблення, першасная поласць цела). Тып бластулы залежыць ад тыпу яйцаклеткі і спосабу драблення. Пры поўным раўнамерным драбленні яйца бластула мае форму пустога шара, абалонка якога складаецца з аднаго слоя клетак; пры частковым нераўнамерным драбленні ўтвараецца дыскабластула, пры спіральным бластула не мае поласці (стэрабластула). У млекакормячых і чалавека драбленне яйца завяршаецца ўзнікненнем бластацысты. Развіваючыся, бластула ператвараецца ў гаструлу.
Тыпы бластул: 1 — цэлабластула, 2 — стэра-бластула, 3 — дыскабластула; бл — бластамеры, ж — жаўток, б — бластацэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРАБНЕ́ННЕ,
тонкае драбленне (на часцінкі драбней за 5 мм) якіх-н. цвёрдых парод, матэрыялаў, прадуктаў. Робіцца пераважна з дапамогай млыноў і бегуноў; З. грубых кармоў для жывёлы — здрабняльнікамі кармоў. Выкарыстоўваецца ў горнай, металургічнай, хім., буд., камбікормавай і інш. галінах прам-сці. З. з дапамогай каменнай ступкі вядома з 8-га тыс. да н.э., ручных жорнаў — за 3,5 тыс.г. да н.э., машыннае развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пашыраны спосабы З., заснаваныя на выкарыстанні эл. разрадаў у вадзе, токаў высокай частаты, сустрэчных патокаў паветра з цвёрдымі часцінкамі (т.зв. струменныя млыны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ПАЛЯВЫ́,
прычапная або навясная прылада для драблення глебавых камлыг, камякоў і скарынкі, для выраўноўвання і ўшчыльнення паверхневага слоя — прыкачвання глебы. Выкарыстанне К.п. спрыяе захоўванню вільгаці ў глебе, больш дружным ўсходам с.-г. культур, змяншэнню эразійных працэсаў.
Адрозніваюць К.п. гладкія воданаліўныя, кольчата-шпоравыя, кольчата-зубчастыя, барончастыя, камбінаваныя і інш. Агрэгатуюцца з трактарамі цягавага класа 1,4—2, а з выкарыстаннем шыроказахопных счэпаў — з трактарамі класа 3—5. Могуць працаваць у агрэгаце з сеялкамі, культыватарамі, плугамі і інш. (напр., у складзе камбінаванага глебаапрацоўчага агрэгата, які за адзін праход робіць культывацыю глебы, драбленне камлыг, прыкочванне і выраўноўванне паверхні поля).