АНТАГЕНЕ́З

[ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],

індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)