БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН Міхаіл Паўлавіч (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),

дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.​І.​Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНВІ́ЗІН Міхаіл Аляксандравіч (31.8.1788, в. Мар’іна Раменскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.5.1854),

дзекабрыст, ген.-маёр (1820). Пляменнік Дз.А.Фанвізіна. Вучыўся ў пансіёне пры Маскоўскім ун-це. З 1801 афіцэр гвардыі. Удзельнік Аўстэрліцкай бітвы 1805, рус.-швед. вайны 1808—09, вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання». З 1818 адзін з кіраўнікоў Маскоўскай управы «Саюза працвітання», чл. Паўночнага т-ва (1821). Быў праціўнікам царазабойства, у поглядах на будучыню Расіі вагаўся паміж рэспублікай і канстытуцыйнай манархіяй. Пасля 1822 адышоў ад дзейнасці ў тайных арг-цыях. У 1826 асуджаны на 8 гадоў катаргі і ссылку, вярнуўся ў 1853. Аўтар успамінаў і шэрагу артыкулаў па паліт. гісторыі і філасофіі.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛА-ШВЯЙКО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч (кастр. 1787—22.5.1845),

дзекабрыст. З дваран Смаленскай губ. Вучыўся ў Маск. універсітэцкім пансіёне. З 1801 на вайск. службе, палкоўнік (1825). Удзельнік кампаніі 1805—07 супраць Францыі, рус.-тур. вайны 1806—12, вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. З жн. 1825 камандзір Смаленскага пях. палка. Служыў у Бабруйску, дзе ў 1823 уступіў у Паўд. т-ва. Ажыццяўляў сувязі з Паўн. і Польскім патрыят. т-вамі. З С.​І.​Мураўёвым-Апосталам і М.​П.​Бястужавым-Руміным распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Прыхільнік царазабойства, аднак у час паўстання Чарнігаўскага палка (снеж. 1825) адмовіўся прыняць у ім удзел. Засуджаны па справе дзекабрыстаў да 20 гадоў катаргі 22.8.1826, 10.7.1839 вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў Табольскую губ.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Пятровіч (9.9.1790, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.12.1860),

дзекабрыст, князь, палкоўнік. З роду Трубяцкіх. Служыў з 1808 у Сямёнаўскім, з 1821 — у Праабражэнскім палках. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Адзін з заснавальнікаў тайных таварыстваў — «Саюза выратавання», «Саюза працвітання», Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Спачатку прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, потым — рэспублікі, у перагаворах з кіраўнікамі Паўд. т-ва дзекабрыстаў даў згоду на агульнае выступленне ў 1826. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў выбраны дыктатарам — кіраўніком рэвалюц. войск, але 26.12.1825 на Сенацкую плошчу не з’явіўся, бо лічыў паўстанне недастаткова падрыхтаваным. Прыгавораны Вярхоўным судом да пакарання смерцю, замененага вечнай катаргай, якую адбываў у Нерчынскіх капальнях і Чыцінскай турме. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. У 1856 амнісціраваны. Аўтар «Запісак» (1906).

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ШКІН Іван Дзмітрыевіч (9.1.1794—23.8.1857),

дзекабрыст; адзін са стваральнікаў «Саюза выратавання» і «Саюза працвітання». З дваран Смаленскай губ. Скончыў Маскоўскі ун-т (1811). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Вызначыўся ў бітвах пры Барадзіно і Кульме. З 1818 у адстаўцы. З 1821 чл. «Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. Распрацаваў план адмены прыгону з надзяленнем сялян зямлёю за выкуп. 9.1.1826 арыштаваны і асуджаны да 20 гадоў катаргі (пазней скарочана да 10 гадоў). У Сібіры ствараў ланкастэрскія школы і выкладаў у іх, складаў падручнікі, вёў навук. працу па метэаралогіі, батаніцы. Аўтар працы «Што такое жыццё» (1849), «Запісак...» (1-е выд. А.​І.​Герцэна ў Лондане ў 1862), арт. пра дзекабрыстаў. Амнісціраваны ў 1856.

Тв.:

Записки, статьи, письма. М., 1951.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ Мікіта Міхайлавіч (20.9.1795, С.-Пецярбург — 10.5.1843),

дзекабрыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1813 у арміі, капітан гвардыі. Удзельнік замежных паходаў 1813—14, бітваў каля Лейпцыга, Дрэздэна. Адзін са стваральнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). У 1821 чл. Вярх. думы, правіцель Паўн. т-ва і чл. дырэкторыі Паўд. т-ва. У 1821—22 служыў у Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Рагачове; у Мінску працаваў над першым варыянтам канстытуцыі для будучай рас. дзяржавы (гл. Мінскі варыянт канстытуцыі М.М.Мураўёва). У паўстанні 14.12.1825 не ўдзельнічаў. Як актыўны ўдзельнік дзекабрысцкага руху прыгавораны Вярх. судом да пакарання смерцю, замененага 20-гадовай катаргай (пазней скасавана на 10 гадоў), якую адбываў у Нерчынскіх рудніках. У 1835 пераведзены на пасяленне ў Іркуцкую губ. У Сібіры пісаў працы па ваен. гісторыі, выступаў супраць фальсіфікацыі гісторыі руху дзекабрыстаў.

М.​А.​Тарасава.

Мікіта Міхайлавіч Мураўёў.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА Фёдар Мікалаевіч (19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),

рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт. элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.​П.​Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.

Тв.:

Соч. М., 1986.

Літ.:

Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІЛО́ВІЧ Аляксандр Восіпавіч (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),

дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.​П.​Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд. т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж. рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ Сяргей Іванавіч (3.11.1795, С.-Пецярбург — 25.7.1826),

дзекабрыст. Брат М.І.Мураўёва-Апостала. Скончыў Пецярбургскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1811). З 1811 на ваен. службе. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818). Пасля паўстання (1820) і расфарміравання (16.5.1822) Сямёнаўскага палка, дзе ён служыў, у Чарнігаўскім пяхотным палку, які пэўны час кватараваў у Бабруйску; падпалкоўнік. З 1822 чл. Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Удзельнічаў у распрацоўцы першага рэальнага плана паўстання (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823), які не быў здзейснены. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) цяжка паранены, арыштаваны і дастаўлены ў Гал. штаб 1-й арміі ў Магілёў, дзе 14 і 15.1.1826 адбыліся яго першыя допыты. Асуджаны Вярх. судом і павешаны ў ліку пяці кіраўнікоў паўстання дзекабрыстаў.

Літ.:

Медведская Л.А. С.​И.​Муравьев-Апостол. М., 1970;

Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.

М.​А.​Тарасава.

С.І.Мураўёў-Апостал.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СЦЕЛЬ Павел Іванавіч (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),

дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд. т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

Літ.:

Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;

Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.

В.​В.​Швед.

П.І.Песцель.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)