Іваноў І. І. (дзекабрыст) 5/36—37
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛЕ́НСКІ Яўген Пятровіч (6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),
дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́ЕЎСКІ Аляксандр Іванавіч (8.12.1802, Санкт-Пецярбург — 27.8.1839),
рускі паэт-дзекабрыст. За ўдзел у паўстанні 1825 асуджаны на катаргу. Аўтар элегій, гіст. паэмы «Васілька» (1829—30), вершаў «У Сібір», «Трызна», «Вешчых струн палымяныя гукі» і інш. Паэтызаваў рэв. подзвіг, грамадз. мужнасць, ідэі свабоды, любові да радзімы, асуджаў тыранію.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений и писем. М.; Л., 1934;
Стихотворения. М., 1982.
т. 1, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКО́НСКІ Сяргей Рыгоравіч (19.12.1788, г. Ачакаў, Украіна — 10.12.1865),
дзекабрыст. Генерал-маёр, князь. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. З 1820 чл. «Саюза працвітання», з 1821 чл. Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Разам з В.Л.Давыдавым кіраваў Каменскай управай, наладжваў сувязі з Паўночным таварыствам дзекабрыстаў. Прыхільнік «Рускай праўды» П.І.Песцеля. Прыгавораны да смяротнай кары, замененай пажыццёвай катаргай. Вярнуўся з Сібіры ў 1856. Аўтар «Запісак».
т. 3, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАЎЁЎ-АПО́СТАЛ Мацвей Іванавіч (29.4.1793, С.-Пецярбург — 5.3.1886),
дзекабрыст. Падпалкоўнік у адстаўцы (з 1823). Брат С.І.Мураўёва-Апостала. З 1810 вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. З 1811 у арміі. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. Адзін з заснавальнікаў «Саюза выратавання» (1816), чл. управы «Саюза працвітання» (1818). Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (гл. Чарнігаўскага палка паўстанне). Прыгавораны да 20 гадоў катаргі, пазней тэрмін скарочаны да 15 гадоў. Паводле амністыі 1856 вернуты з Сібіры, да 1863 жыў у Цверы, потым у Маскве.
т. 11, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЕЛЬСТРО́М Канстанцін Густававіч (Яўстаф’евіч, 8.5.1799, г.п. Шумскае Цярнопальскай вобл., Украіна — 13.11.1851),
дзекабрыст. Служыў капітанам у Літоўскім піянерным сапёрным батальёне. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў т-ва «Ваенныя сябры». Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825; батальён, адной з рот якога камандаваў І., першы адмовіўся ад прысягі Мікалаю I (24.12.1825). 27.12.1825 арыштаваны, зняволены ў беластоцкую турму. У 1827 пазбаўлены дваранства і прыгавораны да 10 гадоў катаргі ў Сібіры. З крас. 1836 радавы ў асобным Каўказскім корпусе. 13.2.1843 звольнены ў адстаўку ў чыне паручніка.
В.В.Швед.
т. 7, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮШНЕ́ЎСКІ Аляксей Пятровіч (23.3.1786, Падольская губ., Украіна — 22.1.1844),
дзекабрыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1805 служыў у Калегіі замежных спраў. З 1819 ген.-інтэндант 2-й арміі, з 1823 стацкі саветнік. Чл. «Саюза працвітання», адзін з заснавальнікаў «Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў» і член яго дырэкторыі (1822), прадстаўнік радыкальнага крыла дзекабрыстаў, рэспубліканец. Удзельнічаў у напісанні «Рускай праўды» П.І.Песцеля. З 1839 на пасяленні, займаўся пед. дзейнасцю.
Літ.:
Букчин С.В. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн., 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988.
т. 18, кн. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч (каля 1799 — ?),
дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.
В.В.Швед.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХО́ЎСКІ Пётр Рыгоравіч (1799, Смаленская губ. — 25.7.1826),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. Паручнік у адстаўцы (1821). У 1816—19 на дзеючай вайск. службе. Са снеж. 1824 у Пецярбургу. З пач. 1825 чл. Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, выступаў за ліквідацыю самаўладства, знішчэнне царскай сям’і і ўстанаўленне рэсп. ладу ў Расіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы планаў паўстання. 14.12.1825 на Сенацкай плошчы заклікаў салдат не прысягаць Мікалаю I, забіў пецярбургскага ген.-губернатара М.А.Міларадавіча, параніў 2 афіцэраў. 15.12.1825 арыштаваны, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У пісьмах, напісаных у зняволенні, абгрунтаваў свае паліт. погляды і даў крытычны аналіз тагачаснага дзярж. ладу Расіі. Павешаны паводле прыгавору Вярх. суда.
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́САЎ Сцяпан Пятровіч (1803?—?),
дзекабрыст, прапаршчык Палтаўскага пях. палка. У 1824 прыняты ў Т-ва з’яднаных славян. 18.2.1826 у Бабруйску ў час агляду Палтаўскага палка заклікаў салдат узняцца на барацьбу супраць царызму. Арыштаваны і закаваным у кайданы дастаўлены ў Магілёў, але ваенна-судовая камісія вырашыла судзіць яго пры Палтаўскім палку. На следстве не прызнаўся ў прыналежнасці да тайнага т-ва і нікога не выдаў. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена пажыццёвай катаргай. Пакаранне адбываў у Бабруйскай крэпасці. У 1863 пераведзены ў разрад «тэрміновых вязняў». Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Швед В.В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў. Мн., 1998.
В.В.Швед.
т. 15, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)