БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс

(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),

літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.​Дуніным-Марцінкевічам, В.​Каратынскім, У.​Сыракомлем, А.​Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.

А.​І.​Мальдзіс.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕ́ЦТВА ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ШКО́ЛЫ.

Існавала ў Вільні з 1921 да сярэдзіны 1930-х г. Засн. Таварыствам беларускай школы для выдання навуч.-пед. л-ры. Яму папярэднічала выд-ва Бел. школьнай рады. На пач. дзейнасці выпусціла падручнікі-чытанкі Л.​Гарэцкай «Родны край» для 2—4-га класаў, «Праграмы для паступлення ў беларускія гімназіі», Я.​Станкевіча «Паўкулі па-беларуску» і інш. З уздымам вызв. барацьбы працоўных Зах. Беларусі і звязаным з ім культ. рухам выд-ва пачало выпускаць драм. творы для самадзейнай сцэны гурткоў т-ва. У 1927—28 выдадзены вадэвіль «Модны шляхцюк» К.​Каганца, п’есы М.​Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі», аднаактоўка Маладога Дзядка (С.​Новіка-Пеюна) «Ёлка Дзеда Мароза» і інш. Рэпрэсіі ўрада Польшчы супраць легальных формаў нац.-вызв. руху працоўных Зах. Беларусі прымусілі выд-ва спыніць сваю дзейнасць.

А.​С.​Ліс.

т. 4, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАК ((Novák) Вітазслаў) (5.12.1870, Каменіцы, Чэхія — 18.7.1949),

чэхаславацкі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац. муз. педагогікі. Нар. арт. Чэхаславакіі (1945). У 1889—96 вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (у А.Дворжака і інш.), з 1908 выкладаў у ёй (у 1909—39 праф., у 1919—22 дырэктар). Для яго музыкі характэрны апора на чэш., славацкі і мараўскі фальклор, строгая канструктыўная логіка, часам уплыў імпрэсіянізму. Сярод твораў: оперы «Звікоўскі дамавік» (1915), «Карлштэйн» (1916), «Ліхтар» (1923; паст. ўсе ў Празе), «Завяшчанне дзеда» (паст. 1926), балеты-пантамімы «Сіньёрына маладосць» і «Нікаціна» (абодва паст. 1930); кантаты; 2 сімфоніі (1934, 1943), сімф. паэмы, уверцюры, сюіты і інш. для арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., рамансы, хары на нар. тэксты, песні, апрацоўкі нар. песень (7 сшыткаў) і інш. Аўтар кн. «Пра сябе і іншых» (т. 1—2, 1940—70).

Літ.:

Бэлза Й. В.​Новак. М., 1957.

Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра. Фота да 1941.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,

помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШЧА́СЦЕЎ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 4.2.1944, г. Іжэўск, Удмурція),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар серый «Мінск перадсвяточны», «З жыцця адной часці» (абедзве 1968), «Палеская нафта» (1970), «Днём і ноччу» (1972), «Аўтагонкі» (1975), «Палескі пейзаж» (1977), «Вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Алжыр» (1980), «Адноўленае Палессе» (1981), «Вясковыя замалёўкі» (1984), «Масква» (1988—90), асобных лістоў. Аформіў і стварыў ілюстрацыі да кніг «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.​Лынькова (1969), «Пучок жыгучкі» К.​Крапівы (1973), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.​Астрэйкі (1974), «Тры аповесці пра Малыша і Карлсана» А.​Ліндгрэн (1980), «Мы вучымся пісаць» М.​Гурэвіч (1983), «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага (1993), буквары Н.​Старажовай і Т.​Шанько (1992), А.​Клышкі (1999), Т.​Ляшчынскай і Ю.​Кісляковай (2000, у сааўт.), серыю «Аловак і Самадзелкін» У.​Поснікава (1998) і інш. Творам характэрны выразнасць кампазіцыі, дакладнасць і маляўнічасць выяўленчай мовы.

Н.​П.​Марчанка.

У.Пашчасцеў. Трубная плошча. Масква. 1990.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЭ́ЙКА (Анатоль) (Акім Пятровіч; 24.7.1911, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 23.8.1978),

бел. паэт. Скончыў курсы пры Мінскім пед. тэхнікуме (1930), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1932—34). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1928. Першы зб. «Слава жыццю» (1940). У 1942 і 1943 па заданні БШПР быў у варожым тыле. У 1943 у друкарні падп. слуцкай газ. «Народны мсцівец» надрукаваны яго зб. вершаў «Слуцкі пояс» (перавыд. 1964). Аўтар зб-каў вершаў «Крамлёўскія зоры» (1945), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Ураджай цяпла» (1978) і інш. Яго творам уласцівыя задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, сувязь з фальклорам. На словы Астрэйкі напісаны песні «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы» і інш. Аўтар твораў для дзяцей («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956, дап. выд. 1959). Перакладаў на бел. мову вершы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, А.​Пракоф’ева, А.​Твардоўскага, М.​Рыльскага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1970;

Творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

А.Астрэйка.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел. тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.​Макаля, «Партызанская зона» К.​Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.​Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.​Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.​Ільіна і У.​Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).

Л.​Ф.​Салавей.

У.Гардзеенка. Чырвоныя дрэвы. 1995.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),

прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл. Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп. калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл. Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),

расійскі і бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар. АМ СССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.​А.​Сямашкі, 1924; Г.​В.​Чычэрына, 1926; Р.​І.​Пятроўскага, 1928; К.​Я.​Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.​З.​Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.​К.​Панамарэнкі, В.​І.​Казлова, І.​Дз.​Варвашэні, М.​П.​Шмырова, усе 1944; С.​А.​Каўпака, Р.​Н.​Мачульскага, абодва 1945; В.​З.​Каржа, 1947; К.​П.​Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.

Літ.:

Гронский И.М. Ф.​А.​Модоров. М., 1956;

Осипов Д. Ф.​А.​Модоров. М., 1968.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)