ШВА́РЦЭ Браніслаў (7.10.1834, Лакрыст каля г. Дынан, Францыя — 18.2.1904),
дзеяч рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы ў 1860-я г. Скончыў інж. школу ў Парыжы (1855). З 1860 інжынер на буд-ве Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, вёў рэв. прапаганду сярод сялян Гродзенскай губ., стварыў Беластоцкую рэв. арг-цыю і кіраваў ёй. Прыхільнік апоры паўстання на нар. масы, на рэв. саюз з рус. і інш. народамі. Арганізаваў выданне агітац. л-ры на бел. мове («Гутарка старога дзеда» і інш.). З ліп. 1862 чл.Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання, адзін з лідэраў «чырвоных». Выступаў супраць «сепаратызму» К.Каліноўскага. 23.12.1862 арыштаваны і зняволены ў Шлісельбургскую крэпасць, потым высланы ў Сібір, дзе супрацоўнічаў з нарадавольцамі. З 1891 у Галіцыі, перакладаў на польск. мову творы М.Някрасава, А.Пушкіна. Аўтар успамінаў «Сем гадоў у Шлісельбургу» (1893) і інш.