ВАРФАЛАМЕ́ЕЎСКАЯ НОЧ,
масавае знішчэнне гугенотаў католікамі ў Парыжы ў ноч на 24.8.1572 (свята св. Варфаламея). Арганізавана каралевай-маці Кацярынай Медычы і кіраўнікамі католікаў Гізамі, напалоханымі ўмацаваннем пазіцый гугенотаў, уплывам іх кіраўніка адмірала Каліньі на караля Карла IX. У час вяселля Генрыха Наварскага (будучага франц. караля Генрыха IV) з Маргарытай дэ Валуа — сястрой караля, на якое з’ехаліся дваране-гугеноты і іх кіраўнікі, Кацярына Медычы пераканала караля ў змове гугенотаў і дамаглася яго згоды на разню. Было забіта больш як 3 тыс. гугенотаў (у т. л. Каліньі). Генрых Наварскі і прынц Кандэ пазбеглі смерці, спешна перайшоўшы ў каталіцтва. Разня цягнулася некалькі дзён, мела месца і ў інш. гарадах. Варфаламееўская ноч прывяла да аднаўлення рэлігійных войнаў. У пераносным значэнні Варфаламееўская ноч — арганізаванае масавае знішчэнне людзей.
т. 4, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл. Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс. рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
т. 12, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦА II РУХ 1703—11, аўстра-венгерская вайна,
вызваленчая вайна ў Венг. каралеўстве пад кіраўніцтвам Ракацы Ферэнца II супраць панавання ў краіне аўстр. Габсбургаў. Пачаўся ў маі 1703 як працяг паўстання сялян на ПнУ Венгрыі (з 1697). Паўстанцы (куруцы; пераважна сяляне, збеглыя і дэмабілізаваныя салдаты, а таксама гараджане, дваране і асобныя прадстаўнікі родавай знаці; паводле нац. прыналежнасці — венгры, славакі, закарпацкія ўкраінцы, валахі) у пач. 1704 вызвалілі ад габсбургскіх войск амаль усе славацкія землі, у ліп. 1704 — Трансільванію, у снеж. 1705 — Задунайскі край. Ракацы выдаў дэкрэт аб вызваленні прыгонных сялян-паўстанцаў і членаў іх сем’яў ад феад. павіннасцей, стварыў структуры самаст. венг. дзяржавы (прыдворны савет, канцылярыя, рэгулярная армія і інш.), абапіраўся на фін., дыпламат. і ваен. дапамогу франц. караля Людовіка XIV. Пасля паражэнняў венг. войск у 1708 і 1710 у крас. 1711 у г. Сатмар (цяпер Сату-Марэ, Румынія) падпісаны мірны дагавор (куруцы канчаткова капітулявалі ў маі—чэрв. 1711), Венгрыя зноў страціла незалежнасць.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991. С. 135—141.
т. 13, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРЫ́ЧНІНА, апрышніна,
1) у 14—15 ст. асобнае ўдзельнае ўладанне жанчын з велікакняжацкай сям’і.
2) Назва ўласнага ўдзелу Івана IV у 1565—72 з асобнай тэрыторыяй, войскам і дзярж. Апаратам.
3) Сістэма надзвычайных ваенна-адм., сац.-эканам. мерапрыемстваў Івана IV у 1565—72 для ўмацавання самадзярж. улады, ліквідацыі феад. раздробленасці, барацьбы з непакорнымі феадаламі. Мэтай апрычніны абвяшчалася выкараненне «крамолы». Ажыццяўлялася апрычнікамі, якія мелі неабмежаваныя правы і ўладу, былі непадсудныя органам улады і суда. Суправаджалася жорсткімі расправамі з баярска-княжацкай апазіцыяй, масавымі смяротнымі пакараннямі часта невінаватых людзей, зямельнымі канфіскацыямі і інш. Асабліва жорсткія рэпрэсіі чынілі А.Д.Басманаў, А.І.Вяземскі, Р.Л.Скуратаў-Бельскі і інш. У выніку апрычніны выкаранены феад. сепаратызм, умацаваны самадзярж. дэспатызм і яго сац. апора — служылыя людзі, дваране і сярэднія землеўладальнікі; узмоцнена прыгонніцтва, збяднела значная частка насельніцтва, асабліва пасадскія людзі. У 1572 апрычніна адменена, частка канфіскаваных земляў вернута іх б. уладальнікам.
Літ.:
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985. С. 136—160;
Ключевский В.О. Русская история: Полн. курс лекций. М., 1993. Кн. 1. С. 483—495;
Соловьев С.М. Соч. М., 1989. Кн. 3, т. 5—6. С. 506—547.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш. Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
К.Л.Патаенка.
т. 12, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 12, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,
комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б. ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б. ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».
У.М.Вяроўкім-Шэлюта.
т. 13, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.
т. 12, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.
У.А.Салановіч.
т. 2, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
т. 2, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)