КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),

украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.​Няелавым, Г.​І.​Шэдэлем, І.​Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел. археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ТОК,

пераменны эл. ток, які адносна павольна змяняецца так, што для імгненных яго значэнняў з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току (Ома закон, Кірхгофа правілы і інш.). Мае аднолькавае значэнне ва ўсіх сячэннях неразгалінаванага ланцуга.

Пры разліках неабходна ўлічваць узнікненне (пры зменах току) эрс індукцыі, а індуктыўнасці, ёмістасці і супраціўленні ўчасткаў ланцугоў можна лічыць засяроджанымі параметрамі. Умовы квазістацыянарнасці (гл. Квазістацыянарны працэс) зводзяцца да малых велічынь геам. памераў эл. ланцуга ў параўнанні з даўжынёй хвалі пераменнага току. Напр., токі прамысл. частаты (частаце 50 Гц адпавядае даўжыня эл.-магн. хвалі 6000 км) лічацца К.т., за выключэннем токаў у лініях далёкіх перадач, для якіх гэтыя ўмовы не выконваюцца.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАВЕ́Й (Міхаіл Сямёнавіч) (н. 31.1.1949, в. Карацк Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: кампазіцыйныя партрэты Я.​Коласа (1981), У.​Караткевіча, Н.​Гілевіча, Я.​Брыля, П.​Панчанкі (1982), В.​Быкава (1983), І.​Шамякіна (1984), С.​Палуяна («Ён быў як месяц адзінокі», 1991), І.​Лучанка і М.​Барысевіча (1985); серыі «Пачынальнікі» (1987), «Патсдам. Парк. Сан-Сусі» (1991), «Сцежкаю да храма» (1992); дыптых «Ад продкаў да Адраджэння» (1992); цыкл «Начныя краявіды» (1994—95). Аформіў кнігі: В.​Гігевіча «Астравы на далёкіх азёрах», Н.​Гілевіча «Святлынь», А.​Куляшова «Крылы», С.​Палуяна «Лісты ў будучыню», У.​Рубанава «Светлы ручай любві», Я.​Брыля «Пробліскі», В.​Біянкі «Лясная газета» і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ШЧА ((Huszcza) Ян) (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.​Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.​Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.​Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.

А.​Л.​Верабей.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,

адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.

Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)