парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.
Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,
HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДу лясной тыпалогіі,
характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МАЛІ́НАВЫ,
сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка звычайная і Лаўфам. Раянаваны з 1991 па Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пашыраны ўсюды.
Дрэва моцнарослае, з даволі густой круглаватай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год пасля пасадкі, дае багатыя ўраджаі. Сорт зімаўстойлівы, успрыімлівы да паршы. Плады пляската-круглаватыя, крыху асіметрычныя, злёгку рабрыстыя, розных памераў (110—170 г). Скурка тонкая, гладкая, бліскучая, з невял. васковым налётам. Асноўная афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая малінавая, часам паласатая. Мякаць плода зеленаватая, сакаўная, кісла-салодкая, пахучая. Пры захоўванні не трацяць смакавых якасцяў да сакавіка—красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДЫ (Mycetophagidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 20 родаў і 200 відаў. Жывуць у грыбах і гнілой драўніне. Найб. вядомыя грыбаед двухкрапінкавы (Dacne bipustulata), грыбаед чырвонагаловы (Triplax russica). На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны Litargus connexus і Mycetophagus quadripustulatus.
Даўж. 2—6,5 мм. Цела авальнае, слаба пукатае, укрыта тонкімі валаскамі. Афарбоўка ад светла-бурай да чорнай, надкрылы звычайна са светлым малюнкам. Лапкі ў самкі 4-членістыя, у самца пярэднія 3-членістыя. Лічынкі грыбаедаў прадаўгаватыя, з даволівял. галавой і кароткімі нагамі; на заднім канцы цела кручкападобныя вырасты, загнутыя ўверх. Жывяцца пераважна грыбніцай (міцэліем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),
старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛІЯ (Monilia),
род недасканалых грыбоў сям. маніліевых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды: М. пладовая (M. fructigena) — узбуджальнік пладовай гнілі семечкавых і костачкавых пладовых парод, М. шэрая (M. cinerea) — выклікае вясной маніліяльны апёк (маніліёз) у выглядзе засыхання кветак, лісця і парасткаў, а ў летне-асенні перыяд — паяўленне шэрай гнілі на пладах.
Міцэлій грыба пранізвае пашкоджаныя органы. Аднаклетачныя канідыі фарміруюцца на канідыяносцах, размешчаных групамі накшталт шаравата-бурага налёту або даволі шчыльных падушачак, раскіданых ці ў канцэнтрычных кругах. Зімуе ў пашкоджаных органах і муміфікаваных сухіх пладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЛЮЖО́К (Poa),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах, у горных раёнах тропікаў. На Беларусі 9 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: аднагадовы (P. annua), балотны (P. palustris), вузкалісты (P. angustifolia), звычайны (P. trivialis), лугавы (P. pratensis), лясны (P. nemoralis), сплюшчаны (P. compressa). Інтрадукаваны М. альпійскі (P. alpina). Трапляюцца на лугах, узлесках, сярод хмызняку, абапал дарог.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 100 см з паўзучымі падземнымі парасткамі ці без іх. Утвараюць дзярніны. Лісце вузкалінейнае, пляскатае. Каласкі з 2—5 (8) кветкамі ў раскідзістай і даволі густой мяцёлцы. Плод — зярняўка. Многія віды кармавыя расліны, уведзены ў культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІКІ́ТА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.