КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш.сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́Я (ад мікра... +грэч. spora семя, пасеў),
мікраспароз, стрыгучы лішай, грыбковае захворванне скуры і валасоў чалавека і жывёл. Выклікаецца паразітычнымі грыбкамі роду мікраспорум. У чалавека заражэнне адбываецца ад хворых катоў, сабак, людзей. На скуры валасістай ч. галавы з’яўляюцца буйныя (вотруб’епадобныя) ачагі акруглай формы з выразнымі межамі і абламанымі валасамі, абкружаныя белымі лусачкамі. На гладкай скуры — звычайна чырв. ачагі з прыўзнятым валікам па перыферыі. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на М. хварэюць каты, сабакі, пушныя звяры, драпежнікі, коні, свінні, малпы, грызуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл.Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],
сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.
Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТЭРЭЛЁЗ,
гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАНХО́З,
інвазійная хвароба жвачных, пры якой пашкоджваецца сычуг. Да яе ўспрымальныя авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, многія дзікія жывёлы, зрэдку грызуны і чалавек. Узбуджальнікам геманхозу з’яўляюцца нематоды з роду Haemonchus, якія развіваюцца без прамежкавага гаспадара. Найб. пашыраны Н. contortus паразітуе ў дробных жвачных, Н. plocei — у буйн. раг. жывёлы.
Найб. заражаюцца маладыя жывёлы, асабліва ягняты ў канцы лета і восенню пры заглынанні лічынак з кормам ці вадой. Паразіты пашкоджваюць слізістую абалонку сычуга і кормяцца крывёй гаспадара. Развіваецца прагрэсіруючая анемія, парушаецца работа органаў кроваўтварэння. У хворых жывёл назіраецца прыгнечанне, паносы, схудненне, можа павышацца т-ра. Маладыя жывёлы часта гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Antillas),
архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс.км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш.г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч.тэр. Венесуэлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,
пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 мм за год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙШМАНІ́І (Leishmania),
род жгуцікавых сям. трыпанасамід атр. кінетапластыд. Унутрыклетачныя паразіты паўзуноў, некаторых млекакормячых (пясчанка, суслік і інш.грызуны, сабака) і чалавека. У чалавека паразітуюць 3 віды Л.: трапічная (L. tropica), бразільская (L. brasiliensis) і Донавана (L. donovani) — узбуджальнікі адпаведна скурнага, слізіста-скурнага і вісцэральнага лейшманіёзаў. Перадаюцца праз укусы маскітаў (з роду Флебатомус і інш.).
Памеры 2—7 мкм. У арганізме жывёл (на лейшманіяльнай стадыі) трапляюцца толькі бязжгуцікавыя, круглаватыя або авальныя формы Л. Яны маюць ядро (трофануклеус) і падобнае на кароткую палачку ўключэнне (блефарапласт). У арганізме маскіта Л. набываюць (на лептаманаднай стадыі) верацёнападобную форму і жгуцік, які адыходзіць ад блефарапласта.
Да арт.Лейшманіі: 1 — клетка з паразітамі — узбуджальнікамі скурнага лейшманіёзу; 2 — жгуцікавыя формы лейшманій у культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́паразітаў,
арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.
Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.