РЫКЕТСІЁЗЫ,

група інфекцыйных хвароб чалавека і жывёл, якія выклікаюцца рыкетсіямі. Р. чалавека — эпідэмічны сыпны тыф, эндэмічны пацучыны сыпны тыф, плямістая ліхаманка Скалістых гор, марсельская ліхаманка, афр. кляшчовыя ліхаманкі, цуцугамушы, Ку-ліхаманка і інш. Крыніца інфекцыі пры сыпным тыфе — хворы чалавек, пры інш. клінічных формах Р. — грызуны, дзікія і свойскія жывёлы. Пераносчыкі Р. — вошы, блохі, кляшчы. Р. суправаджаюцца ліхаманкай, інтаксікацыяй, галаўным, мышачным і сустаўным болем, спецыфічнымі высыпкамі на скуры. Пры Ку-ліхаманцы высыпка адсутнічае, але часта назіраецца пашкоджанне лёгкіх (пнеўманіі з утварэннем інфільтратаў).

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)