ПАСТЭРЭЛЁЗ,

гемарагічная септыцэмія, інфекцыйная хвароба птушак, свойскіх жывёл і чалавека, якую выклікаюць бактэрыі пастэрэлы. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Хварэюць куры, гусі, качкі (халера птушак), буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя жывёлы. Узбуджальнік выдзяляецца з насавымі выцяканнямі, выдыхаемым паветрам і інш. Пераносчыкі — грызуны, кляшчы. Заражэнне адбываецца аэрагенным і аліментарным шляхамі, таксама праз пашкоджаную скуру. Пры вострай форме П. — з’явы септыцэміі з утварэннем на серозных і слізістых абалонках шматлікіх кровазліццяў. У жывёл высокая смяротнасць. Чалавеку П. перадаецца праз свойскіх жывёл, птушак. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)