АЭРАВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».

Аэравакзал «Мінск-2».

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУСТЫ́НЬВАННЕ,

страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.

Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн. км² — 19% сушы.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСКАСТРЭ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для падачы (выкідвання з вял. скорасцю, нібыта выстрэльвання) сціснутым паветрам стрыжнёвай сумесі ў стрыжнёвыя скрыні з гарыз. або верт. раздымам. Сумесь ушчыльняецца пры ўдары струменя і тармажэнні часцінак сумесі аб сценкі скрыні. Ад пескадуўнай машыны адрозніваецца канструкцыяй выдзіманага механізма, які забяспечвае большую скорасць выдзімання. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці пераважна для вырабу ліцейных стрыжняў (часам і ліцейных форм). На аснове П.м. створаны аўтам. стрыжнёвыя лініі (даюць да 600 стрыжняў за гадзіну пры масе стрыжняў да 150 кг).

Схема пескастрэльнага механізма пескастрэльнай машыны: 1 — вентыляцыйныя адтуліны; 2 — выдзіманая адтуліна; 3 — вентыляцыйная пліта; 4 — канічны насадак; 5 — рэзервуар.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНІС ((Bubnys) Вітаўтас) (н. 9.9.1932, в. Чудзішкяй Прэнайскага р-на, Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі пед. ін-т (1957). Друкуецца з 1953. Аўтар кніг апавяданняў «Пахучы аер» (1967), «Белы вецер» (1974), аповесцяў «Рамунас» (1964), «Арберон» (1969) і інш. Раманы «Галодная зямля» (1971), «Пад летнім небам» (1973; за абодва Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Красаванне нясеянага жыта» (1976), пра гіст. лёс літоўскага сялянства; «У гадзіну поўні» (1980), «Запрашэнне» (1983), «Даруй грахі нашы» (1989), «Няхай адкрыюцца твае вочы» (1993) пра жыццё інтэлігенцыі, яе маральную і грамадз. адказнасць. На бел. мову асобныя творы Бубніса пераклаў У.​Яцко (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТАР,

двухпазіцыйны камутацыйны апарат з самазваротам для частых пераключэнняў у эл. ланцугах нізкага напружання; разнавіднасць выключальніка. Бываюць пастаяннага і пераменнага (прамысл. і высокай частаты) токаў.

Дапускаюць да 1500 уключэнняў-выключэнняў за гадзіну, камутуюць токі да 1 кА Маюць пераважна эл. прывод, часам пнеўматычны ці гідраўлічны. К. пастаяннага току (1- і 2-полюсныя) прызначаны пераважна для кіравання эл. рухавікамі пастаяннага току (у трамваях, тралейбусах, электравозах і інш), а К. пераменнага току (3- і шматполюсныя) — для кіравання асінхроннымі эл. машынамі (прыводы станкоў, ліфтаў, кранаў). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных вытв. устаноўках.

Схема аднаполюснага электрамагнітнага кантактара: 1, 2 — кантакты; 3 — якар; 4 — асяродак; 5 — абмотка электрамагніта; 6 — дугагасільнае прыстасаванне, I — ток.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКА-ШЧАКАТАЎСКА́Я АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. атрадаў імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў), Мазырскага (А.​Л.​Жыльскі), укр. партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, асобнага атрада імя В.​Бажэнкі (М.​А.​Рудзіч) па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Нароўля, вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага р-на ў ноч на 30.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Нараўлянскі гарнізон (каля 130 гітлераўцаў) быў умацаваны бліндажамі і дзотамі, узброены 10 кулямётамі і 3 мінамётамі і інш. Партызаны атрадаў імя Кірава і імя Бажэнкі перакрылі дарогу на Нароўлю, захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі і да раніцы знішчылі гарнізон. Партызаны Мазырскага атрада і злучэння Сабурава атакавалі гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада і за гадзіну бою знішчылі гэтыя гарнізоны.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРТБА́ЕВА (Кайыргуль) (н. 20.6.1936, с. Кара-Булак Чуйскай вобл., Кіргізія),

кіргізская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). З 1962 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. З 1986 рэктар (з 1987 праф.) Кіргізскага ін-та мастацтваў. Сярод партый: Ай-Чурэк, Каныкей, Тотуя («Месяцавая прыгажуня», «Манас», «Тактагул» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Джаміля («Джаміля» М.​Раўхвергера), Гюльсара («За гадзіну да світання» Уласава і Ферэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Вольга («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дэздэмона («Атэла» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Маргарыта («Мефістофель» А.​Бойта), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. У камерным рэпертуары значнае месца займаюць творы рус. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1989.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛАЁМІСТАСЦЬ,

паказчык эфектыўнасці вытв-сці, які характарызуе ўзровень выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Паказвае велічыню матэрыяльных затрат на адзінку прадукцыі, або карыснага эфекту, і вызначаецца шляхам дзялення матэрыяльных затрат на аб’ём вытв-сці. Вылучаюць М. вытворчасці, якая характарызуе эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў увогуле па вытв-сці незалежна ад віду выпускаемай прадукцыі, і М. прадукцыі, што адлюстроўвае расход матэрыялу на адзінку канкрэтнага віду прадукцыі. М. прадукцыі падзяляецца на абсалютную, адносную і агульную. Абсалютная М. — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў у абс. выражэнні на фіз. адзінку прадукцыі (напр., расход паліва на кілават-гадзіну электраэнергіі). Адносная М. (удзельная) — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў на адзінку эксплуатацыйнай або тэхн. характарыстыкі вырабляемай прадукцыі (напр., расход металу на адзінку магутнасці рухавіка). Агульная М. — кошт матэрыяльных затрат на адзінку вырабу. Зніжэнне М. — важнейшая крыніца павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),

павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),

бел. жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.​Філіповіча (1946), Б.​Платонава (1947), М.​Станюты (1963), І.​Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)