КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),
бел. жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.Філіповіча (1946), Б.Платонава (1947), М.Станюты (1963), І.Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).
Г.А.Фатыхава.
т. 8, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)