прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,
травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАІ́ЗМ (ад грэч. hērōs герой),
найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст.італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́РУШ»,
народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел.нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т.л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар.фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т.л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г.Віка-Экуэнсе, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШАК (Vicia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭНЦЭ́ЦІ (Lorenzetti),
італьянскія жывапісцы, браты; прадстаўнікі Сіенскай школы жывапісу.
П’етра Л. (каля 1280, г. Сіена, Італія — 1348?). Зазнаў уплывы Дуча ды Буанінсенья, Джота ды Бандоне, Дж.Пізана. Творы вызначаюцца імкненнем да жыццёвай пластычнасці форм, адухоўленасці вобразаў, трагічным пафасам і манументальнасцю выяў. У кампазіцыйнай пабудове выкарыстоўваў арх. матывы ў лінейнай перспектыве. Сярод твораў: паліпціхі «Мадонна з немаўлём і святымі» ў царкве П’еве ды Санта-Марыя ў Арэца (1320) і «Гісторыя блажэннай Умільты» (пасля 1332), трыпціх з алтарнай карцінай «Нараджэнне Марыі» (1342), фрэскі «Страсці Хрыстовы» ў Ніжняй царкве базілікі Сан-Франчэска ў Асізі (1325—29 і пасля 1340) і інш.
Амброджа Л. (?—1348). Зазнаў уплыў фларэнційскага мастацтва Протарэнесансу, вывучаў ант. скульптуру, праблематыку перспектывы. У манум. кампазіцыях спалучаў алегарычнасць сюжэтаў з карцінамі гар. і сялянскага побыту, велічнай пейзажнай панарамай. Сярод твораў: «Мадонна з немаўлём» з царквы Сант-Анджэла ў Віка л’Абаце каля Фларэнцыі (1319), «Мадонна на троне з немаўлём» (1330-я г.), фрэскі «Пакутніцтва францысканцаў» і «Зарок св. Людовіка Тулузскага» ў царкве Сан-Франчэска (1330—31), «Алегорыя Добрага і Кепскага кіравання і іх плады ў горадзе і вёсцы» ў Палацца Публіка (1337—39. абодва ў Сіене), алтарныя карціны «Прынясенне ў храм» (1342), «Дабравешчанне» (1344) і інш.
В.Я.Буйвал.
А.Ларэнцэці. Мадонна на троне з немаўлём. 1330-я г.