Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА,
аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).
Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гарошак пасяўны, гл.Віка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАСНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для прыгатавання сіласу. Да іх адносяць расліны, што даюць высокі ўраджай зялёнай масы, багатыя асн. пажыўнымі рэчывамі, паддаюцца механізаванай уборцы і апрацоўцы. На Беларусі асн. С.к.: кукуруза, кармавыя лубін і капуста, сланечнік, віка-аўсяная сумесь, рапс, рэдзька і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫЯ КАРМЫ́,
кармы расліннага і жывёльнага паходжання з вял. колькасцю пратэіну. Асн. крыніца пратэіну для большасці с.-г. жывёл — раслінныя кармы: зялёная трава, сена, збожжа і збожжапрадукты, макуха, шроты і інш. Сярод зялёных кармоў найб. сырога пратэіну ў маладой траве бабовых — у канюшыне, кармавым бобе; багатыя пратэінам таксама зерне бабовых культур (гарох, віка, боб, соя), макуха, шроты, піўныя, пякарскія і кармавыя дрожджы, мясная і рыбная мука, сухая кроў (ад 200 да 600 г на 1 кармавую адзінку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ТРА́ВЫ шматгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны, якія ідуць на корм жывёле ў выглядзе пашавай травы, зялёнага корму, сена, сіласу, сенажу, травяной і сянной мукі. Падзяляюцца на 4 гаспадарча-бат. групы: злакавыя (аўсяніцы лугавая і чырв., цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, райграсы, метлюжкі і інш.), бабовыя (віка, лубін кармавы, сырадэля, канюшыны чырв., ружовая і белая, люцэрна сіняя, эспарцэт і інш.), асаковыя і разнатраўе. Найб.эканам. значэнне маюць бабовыя і злакавыя травы, гасп. каштоўнасць якіх вызначаецца іх ураджайнасцю, пажыўнасцю, добрым паяданнем жывёлай.