АЛЕЛАПА́ТЫЯ
(ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна + ...патыя),
узаемадзеянне раслінных арганізмаў у фітацэнозах праз вылучэнне ў асяроддзе спецыфічных хім. рэчываў (фітанцыдаў, маразмінаў, калінаў, антыбіётыкаў і інш.). Выяўляецца прыгнечаннем адных відаў раслін іншымі (напр., пырнік і іншае пустазелле выцясняюць або прыгнечваюць развіццё культ. раслін; арэшнік, дуб, елка сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць рост траў пад кронамі), зрэдку спрыяльным для сумеснага існавання ўзаемаўплывам (напр., у віка-аўсянай сумесі; пасевах кукурузы з сояй і інш.). Адыгрывае значную ролю ў працэсах узнікнення, развіцця і змены раслінных згуртаванняў. Улічваецца пры стварэнні зялёных насаджэнняў, абгрунтаванні севазваротаў.
т. 1, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)