ВАЛІЕСА́РСКІ ДАГАВО́Р 1658,
дагавор аб перамір’і паміж Расіяй і Швецыяй, заключаны 20 снеж. ў в. Валіесары (паблізу Нарвы). Завяршыў рус.-шведскую вайну 1656—58. Паводле Валіесарскага дагавор занятыя рус. войскамі эстляндскія і ліфляндскія гарады Какенгаўзен, Юр’еў, Марыенбург, Сыранск заставаліся пад уладай Расіі. Але з-за пагаршэння міжнар. абставін рус. ўрад быў вымушаны паводле Кардыскага мірнага дагавора 1661 уступіць Швецыі прыбалтыйскія гарады і пагадзіцца на аднаўленне граніц, устаноўленых Сталбоўскім мірам 1617.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПУ ((Lupu) Васіль) (? — 1661),
гаспадар (князь) васальнага Турцыі Малдаўскага княства ў 1634—53. Пры Л. ў г. Ясы адкрыты Славяна-грэка-лацінская акадэмія (1640) і першая малд. друкарня (1641), дзе выдадзены першы друкаваны збор законаў у Малдове «Улажэнне» (1646). У выніку паходаў Б.Хмяльніцкага ў Малдову (1650 і 1652) Л. вымушаны быў заключыць з ім саюз (1652). У 1653 скінуты з прастола Георгіем Стэфанам. Памёр у зняволенні ў Стамбуле.
т. 9, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
т. 3, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУЛЬБЯНЫ́Я» ЗАБАСТО́ЎКІ 1906,
выступленні батракоў і падзёншчыкаў на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. Пачаліся ўвосень 1906 з прычыны нізкай платы за ўборку бульбы. Найб. актыўна праходзілі ў Слуцкім, Ігуменскім, Навагрудскім, Віленскім, Ашмянскім, Пружанскім пав. Бастуючыя патрабавалі павялічыць падзённую плату і не дапускалі да работы сялян, нанятых у інш. паветах. Землеўладальнікі вымушаны былі пайсці на ўступкі. Адначасова паліцыя арыштоўвала кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў забастовак. У Віленскі пав. былі прысланы казакі. Пад канец 1906 забастоўкі задушаны.
т. 3, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЭН (Eden) Роберт Энтані, лорд Эйван (Avon; 12.6.1897, Уіндлстан, графства Дарэм, Вялікабрытанія — 14.1.1977), дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. Адукацыю атрымаў у Ітане і Оксфардскім ун-це. У 1935—38, 1940—45, 1951—55 міністр замежных спраў, у 1939—40 міністр па справах калоній, у 1955—57 прэм’ер-міністр. Адзін з ініцыятараў англа-франка-ізраільскага ўварвання ў Егіпет у 1956. Пасля яго правалу вымушаны пайсці ў адстаўку. У 1961 атрымаў тытул лорда.
т. 7, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33° паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.А.Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.
т. 6, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХЕЦІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1659,
нацыянальна-вызв. паўстанне супраць іранскага панавання ва Усх. Грузіі (Кахеты). Выклікана намерам правіцеляў Ірана засяліць раўніны Кахеты туркм. качавымі плямёнамі, што пагражала знішчэннем мясц. груз. насельніцтву. Паўстанне ўзначальвалі Б.Чалакашвілі, ксанскі эрыстаў (правіцель) Шалва і яго брат Элізбар (загінулі ў баях). У паданнях апеты подзвігі нар. герояў З.Гапрындаулі, Н.Хашураулі, Гагалауры і інш. Кахецінцы разам з мясц. горцамі выгналі са сваіх зямель іранскія войскі і туркм. пасяленцаў; правіцелі Ірана былі вымушаны адмовіцца ад сваіх намераў.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й (Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),
рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),
шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.
т. 11, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)