кветкавыя расліны роду суніцы. Пашыраны і культывуюцца ў Еўропе. На Беларусі дзікія віды F. elatior і F. collina трапляюцца ў цяністых лясах, хмызняках, на ўзлесках.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—40 см. Карэнішча гарызантальнае. Лісце трайчастае, буйное, апушанае. У пазухах прыкаранёвага лісця развіваюцца кароткія паўзучыя парасткі (вусы), якія ўкараняюцца Кветкі аднаполыя, белыя. Кветаносы вышэйшыя за лісце. Плады — ягады, дробныя, малінава-чырв., салодкія, духмяныя з белай мякаццю. Спажываюць свежыя і перапрацаваныя. Для прысядзібнага садаводства рэкамендаваны сунічна-клубнічныя гібрыды Дыяна, Мускатная, Несцерка і інш., выведзеныя БелНДІ пладаводства. Часта К. няправільна наз. суніцы садовыя. Харч. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́КІ (Macaca),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных. 12 (па інш. звестках 19—20) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, 1 від — магот (M. sylvanus) — у Паўн. Афрыцы і Еўропе (Гібралтар). Жывуць у трапічных лясах, лясах умеранага пояса (Кітай, Японія). Вядуць паўдрэвавы спосаб жыцця, трымаюцца статкамі. М. японскі (M. fuscata) зімой трапляецца сярод снежных суметаў (п-аў Сімокіта). 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 76 см, хваста да 70 см (у магота хваста няма), маса да 28 кг. Афарбоўка жаўтаватая, рыжаватая, чорная, у некат. уздоўж спіны цёмная паласа, на галаве «шапачка», на твары бакенбарды, вусы, барада. Канечнасці кароткія, дужыя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Выкарыстоўваюцца ў мед. эксперыментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕО́ІДНАЯ РА́СА, еўразійская раса,
адна з асноўных або вялікіх рас чалавецтва, у якую ўваходзяць атланда-балт., балкана-каўказская, беламорска-балт., інда-міжземнаморская, сярэднееўрапейская малыя расы. Сфарміравалася на абшарах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы, тэр. Каўказа, Пярэдняй, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У прадстаўнікоў гэтай расы скура ад светлых да смуглявых адценняў, вочы ад вельмі светлых да цёмных, валасы светлыя і цёмныя, прамыя ці хвалістыя, прыкметна растуць барада і вусы, нос вузкі, рэзка выступае, высокае пераноссе, тонкія вусны, рост ад нізкага да высокага. Малыя расы адрозніваюцца паміж сабой пігментацыяй вачэй і валасоў, формай носа. Сучаснае насельніцтва Беларусі адносіцца да ўсх.-балт. варыянта беламорска-балт. малой расы. Для яго характэрна шырокае тулава і кароткія ногі, сярэднешырокі і сярэдневысокі твар, умерана выступаючы нос. Сярод беларусаў вылучаюцца паўн. і паўд. варыянты. Апошні больш пігментаваны і нізкарослы.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),
сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.
Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.
Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).