група парод паляўнічых і дэкар.-пакаёвых сабак. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Сучасныя пароды цяжкія, сярэднія, карлікавыя сфарміраваліся ў сярэдзіне 18 ст. ў Германіі. Пашыраны па ўсім свеце. Выкарыстоўваюцца для палявання на норных звяроў (лісоў, барсукоў і інш.).
Канстытуцыя моцная, сухая. Выш. ў карку 16—27 см. Тулава выцягнутае. Ногі кароткія. Галава клінападобная. Вушы абвіслыя. Бываюць гладкашэрсныя (шэрсць даўж. да 2 см, шорсткая, прылеглая), даўгашэрсныя (шэрсць з развітым падшэрсткам, доўгая, мяккая) і шорсткашэрсныя (шэрсць даўж. каля 3 см, прамая, шорсткая, густая, прылеглая, утварае «бровы», «вусы», «бараду»). Масць рыжая, карычневая, чорная, шэрая з падпалінамі. Хвост шаблепадобны. Тып паводзін ураўнаважаны — рухомы.