МЕ́ЛЬНІКАЎ Міхаіл Фёдаравіч (16.5.1921, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 30.6.1993),

бел. краязнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў БДУ. У 1939 настаўнік у г. Гудаута (Абхазія), беспадстаўна рэпрэсіраваны. У 1950 вярнуўся на радзіму, працаваў у вясковай б-цы, дырэктарам Дома культуры ў Крычаве. Ў 1961—82 дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея (з 1982 навук. супрацоўнік). Аўтар кніг «З сям’і сакалінай» (1973), «Атакуючае юнацтва» (1980), «Ішоў край наш шляхам стагоддзяў» (1987), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Барацьба і творчасць» (1967), «Песню вялі на расстрэл» (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, герояў бел. народа ў зб. «У рэдакцыю не вярнуўся...» (1964), «Мы не забылі вас, хлопцы» (1968), «Пабрацімы Матросава» (1984). Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (1968).

Н.​М.​Марозава.

М.П.Мельнікаў.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУХРА́Й Рыгор Навумавіч (23.5.1921, г. Мелітопаль Запарожскай вобл., Украіна — 29.10.2001),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953), у 1966—71 выкладаў у ім. У 1965—75 маст. кіраўнік Эксперым. творчага аб’яднання пры кінастудыі «Масфільм». Першы фільм — «Сорак першы» (1956, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1957). Фільмам уласцівы лірызм, топкі псіхалагізм, сац.-маральная праблематыка: «Балада пра салдата» (1959, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане; гал. прыз Усесаюзнага кінафестывалю, 1960), «Чыстае неба» (1961, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве), «Жылі-былі стары са старою» (1965), «Памяць» (1971), «Жыццё цудоўнае» (1980), «Я навучу вас марыць» (1984, з Ю.​Швыровым) і інш. Ленінская прэмія 1961.

Літ.:

Зоркая Н. Портреты. М., 1966.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч

(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),

рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.​Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.​Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.

Тв.:

Возвращение. Л., 1989;

Генеральная репетиция. М., 1991;

«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВЯЛЕ́ВІЧ Віктар Васілевіч (н. 4.6.1946, г. Самарканд, Узбекістан),

бел. рэжысёр кіно і тэлебачання. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). З 1968 на тэлебачанні. Паставіў фільмы: дакумент. «Вакаліз» (1971), «Крыніца» (1974, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Дубліне, 1974), «Тварам да вас» (1978, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1979), «Стварэнне» (1980), «Бацькоўскі дом» (1982), «Хатынь» (1985), «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Галасушка» (1989), «Адхланне» (1992), «Уладар» (1993), «Славянскія танцы», «Валянцінаў дзень» (абодва 1994), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997, прэмія Міжнар. кінафестывалю «Залаты віцязь», Масква, 1997), «Дабро твары» (1998), «Час будаваць храмы» (2001); маст. «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994—95); фільмы-спектаклі «Пачакай, затрымайся» (1981), «Пагарэльцы» (1988), «Князь Вітаўт» (1998); фільмы-балеты «Карміна-Бурана» (1990), «Шчаўкунок» (1992), «Спартак» (1993), «Страсці» («Рагнеда», 1996) і інш.

В.​А.​Мядзведзева.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.​Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.​К.​Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХТА́Р (сапр. Мухтараў) Аскад

(н. 23.12.1920, г. Фергана, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1942). Друкуецца з 1939. Пачынальнік тэмы рабочага класа ва ўзб. л-ры: паэма «Сталявар» (1947), зб. вершаў «Мае суграмадзяне» (1949), кнігі нарысаў і апавяданняў «Горад сталі» (1950), «Насустрач будучыні» (1951), раман «Нараджэнне» (1961) і інш. У раманах «Сёстры» (1954), «Час у маім лёсе» (1964), «Чынара» (1969, Дзярж. прэмія імя Хамзы 1973), кнігах вершаў і паэм «99 мініяцюр» (1962), «Калыханка сонца» (1971), «Маё слова да вас» (1978) і інш. найб. важныя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, шляхі гіст. развіцця ўзб. народа, яго культ. рост, духоўнае багацце. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Базарэвіч, А.​Клышка, Ю.​Свірка, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Ташкент, 1980—83.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПКА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; 26.11.1907, в. Месціна Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 8.10.1991),

бел. пісьменнік-сатырык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). Настаўнічаў (1930-41, 1945—62). У 1965—71 нам. дырэктара бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1927. Першы зб. баек і вершаў «Сатыра і гумар» (1958). Аўтар кніг апавяданняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае...» (1963), зб. апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963); каля 30 аднаактовых камедый, у т. л. «На сваю галаву», (1966), «Акадэмік» (1970), сцэнарыя кароткаметражнай кінакамедыі «Акадэмік» (паст. 1963), зб. антырэліг. нарысаў «Сцеражыцеся цемрашалаў!» (1964). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.​Алейніка, А.​Барто, А.​Вішні, С.​Маршака, С.​Міхалкова, А.​Твардоўскага і інш.

Тв.:

Сатырычны калаўрот. Мн., 1967;

Пад смешнай вясёлкай. Мн., 1971;

Ад смеху не ўцячэш. Мн., 1975;

1 з перцам і з сэрцам. Мн., 1977;

Шануючы вас... Мн., 1982;

Дзіва ў кошыку. Мн., 1983;

Злазьце — прыехалі: Байкі, гумарэскі, фельетоны. Мн., 1985;

3 сэрцам і перцам: Байкі, вершы, фельетоны, мініяцюры. Мн., 1987.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВЯЛЁВА Кацярына Васілеўна (13.1.1917, Масква — сакавік 1998),

руская пісьменніца. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1933—37). У 1940—43 працавала ў апараце ЦК ВЛКСМ, у 1948—51 у час. «Советская женщина», у 1964—76 у агенцтве друку «Навіны». Друкавалася з 1936. У кн. паэзіі «Лірыка» (1940), «Зямля родная» (1942), «Сустрэчы на гэтай планеце» (1962), «Усё залежыць ад вас!» (1972), «Касцёр на снезе» (1985) і інш. тэмы камсамольскага юнацтва, кахання, подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар зб. навел «Будні ў Індыі» (1965), раманаў «Аляксандраўскі сад» (1976), «Хатні ачаг» (1983). У паэме «Камуніст» (у зб. «Радасць і гора», 1982) узнаўляе жыццёвы шлях П.​М.​Машэрава, яго памяці прысвяціла зб. вершаў «Расіянка» (1980). Неаднаразова бывала на Беларусі, ёй прысвяціла цыкл вершаў «Беларускі сшытак» (у зб. «Радасць і гора»). На бел. мову творы Ш. перакладалі Э.​Агняцвет, К.​Кірэенка, Ю.​Свірка, Н.​Тулупава, Я.​Янішчыц і інш.

Тв.:

Избранное. М., 1979;

Бел. пер. — Аляксандраўскі сад. Мн., 1979;

Зямная веліч: Вершы і паэма. Мн., 1982.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯ́Ш Ніна Іосіфаўна (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.​Аліўе, Ж.​Сіменона, А.​Сент-Экзюперы, Л.​Кастэнкі, В.​Барны, В.​Шымборскай і інш., паасобныя творы П.​Беранжэ, П.​Мерыме, Ф.​Шылера, Ю.​Славацкага, Т.​Хрусцялеўскага, А.​Гаўрылюка, П.​Маха і інш.

Тв.:

Паварот на лета. Мн., 1986;

Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;

Палёт над жытам. Брэст, 1997.

У.​С.​Ліпскі.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛА Кастусь (сапр. Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час. бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.

Тв.:

Змагарныя дарогі. Мн., 1994.

Літ.:

Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.

С.​Б.​Сачанка.

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)