ШАВЯЛЁВА Кацярына Васілеўна (13.1.1917, Масква — сакавік 1998),
руская пісьменніца. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1933—37). У 1940—43 працавала ў апараце ЦК ВЛКСМ, у 1948—51 у час. «Советская женщина», у 1964—76 у агенцтве друку «Навіны». Друкавалася з 1936. У кн. паэзіі «Лірыка» (1940), «Зямля родная» (1942), «Сустрэчы на гэтай планеце» (1962), «Усё залежыць ад вас!» (1972), «Касцёр на снезе» (1985) і інш. тэмы камсамольскага юнацтва, кахання, подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну. Аўтар зб. навел «Будні ў Індыі» (1965), раманаў «Аляксандраўскі сад» (1976), «Хатні ачаг» (1983). У паэме «Камуніст» (у зб. «Радасць і гора», 1982) узнаўляе жыццёвы шлях П.М.Машэрава, яго памяці прысвяціла зб. вершаў «Расіянка» (1980). Неаднаразова бывала на Беларусі, ёй прысвяціла цыкл вершаў «Беларускі сшытак» (у зб. «Радасць і гора»). На бел. мову творы Ш. перакладалі Э.Агняцвет, К.Кірэенка, Ю.Свірка, Н.Тулупава, Я.Янішчыц і інш.
Тв.:
Избранное. М., 1979;
Бел. пер. — Аляксандраўскі сад. Мн., 1979;
Зямная веліч: Вершы і паэма. Мн., 1982.
Г.Я.Адамовіч.
т. 17, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)