біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш.вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТАВЫЯ (Anabantidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.
Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУМУЛЮ́ЮЧАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ГАЭС),
гідраэлектрычная станцыя, прызначаная для зняцця пікаў нагрузкі энергасістэмы. Складаецца з двух басейнаў (вадасховішчаў), размешчаных адзін над адным і злучаных трубаправодам. Прынцып дзеяння заключаецца ў ператварэнні эл. энергіі, атрыманай ад інш. электрастанцый, у патэнцыяльную (акумуляваную ў верхнім басейне) энергію вады з наступным ператварэннем яе зноў у эл. энергію. Дае магчымасць рэгуляваць на працягу сутак, тыдня, сезона дзеянне цеплавых, атамных і інш. станцый, выраўноўвае графік і павышае надзейнасць іх работы.
ГАЭС звычайна абсталёўваюць абарачальнымі гідраагрэгатамі. У часы малых нагрузак (напр., ноччу) пры сілкаванні ад энергасістэмы гідрагенератары працуюць як электрарухавікі і прыводзяць у дзеянне гідраўлічныя турбіны, якія са зменай напрамку вярчэння дзейнічаюць як помпы і перапампоўваюць ваду з ніжняга басейна ў верхні. Колькасць акумуляванай энергіі вызначаецца ёмістасцю верхняга басейна (можа быць штучным або прыродным, напр., возера) і рабочым напорам. У перыяды пікаў (максімумаў) нагрузкі назапашаная вада з верхняга басейна па трубаправодах паступае ў гідраагрэгаты, якія працуюць пры гэтым у генератарным рэжыме і выпрацоўваюць электраэнергію, аддаючы яе ў энергасістэму, а вада назапашваецца ў ніжнім басейне. Будаваць ГАЭС найб. мэтазгодна паблізу ад цэнтраў спажывання электраэнергіі і з як мага большым напорам. Першай у б.СССР дала ток Кіеўская ГАЭС магутнасцю 225 МВт і напорам 73 м (1970). Сярод буйнейшых ГАЭС: Загорская (Маскоўская вобл., Расія) — 1200 МВт, напор 100 м; Віяндэн (Люксембург) — 900 МВт, 280 м; Круахан (Вялікабрытанія) — 400 МВт, 440 м; Том-Сок (ЗША) — 350 МВт, 253 м; Хоэнвартэ-II (ФРГ) — 320 МВт, 305 м.
Літ.:
Гл. пры арт.Гідраэлектрычная станцыя.
У.М.Сацута.
Гідраакумулюючая электрастанцыя: а — разрэз; б — план; 1 — верхні вадаём; 2 — напорны вадавод (трубаправод); 3 — будынак электрастанцыі; 4 — ніжні вадаём; 5 — плаціна з вадаскідам.Рэжымы работы гідраакумулюючай электрастанцыі: 1 — помпавы (перапампоўванне вады з ніжняга басейна ў верхні пры сілкаванні ад энергасістэмы); 2 — генератарны (рэжым звычайнай ГЭС з аддачай электраэнергіі ў энергасістэму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ (літ.Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас.р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр.ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Мінскае возера,
штучны вадаём у паўн.-зах.ч. Мінска; месца адпачынку гараджан. Створана ў 1941. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 0,42 км², даўж. 2,2 км (ад моста на вул. Арлоўскай да створу плаціны), найб.шыр. 350 м, найб.глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 0,66 млн.м³. Чаша возера — затопленая пойма р. Свіслач. Берагі супясчаныя. Дно пераважна пясчанае, часткова галечнае і глеістае, у 1974 паглыблена. 11 астравоў (агульная пл. каля 0,06 км²). Сцёк у малаводны год з перакідам вады з Вілейскага вадасх. забяспечвае добрую праточнасць возера. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,5—0,7 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. красавіка. На левым беразе выратавальная станцыя, спарт. комплекс «Дынама», Палац «Юнацтва», на правым — выставачны павільён Міжнар.гандл. палаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.
У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.