ДРЫСВЯ́ТЫ (літ. Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас. р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб. шыр. 5,8 км, найб. глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр. ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
т. 6, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)