ГАЛЫ́НКА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пд ад г. Клецк, 148 км ад Мінска; 23 км ад чыг. ст. Клецк. 569 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква і брама-званіца (1-я пал. 19 ст.), свіран-галубятня (1811).

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁБКЕ ((Kobke) Крыстэн) (26.5.1810, Капенгаген — 7.2.1848),

дацкі жывапісец і графік. З 1822 наведваў АМ у Капенгагене, з 1828 вучыўся ў К.​В.​Экерсберга. Творчасць стылістычна блізкая да бідэрмееру. Пісаў лірычныя, тонкія па каларыце партрэты, пейзажы, жанравыя сцэны: «Прадавец цыгар», «Сястра мастака» (абодва 1831), «Брама» (1834), «Остэрбра пры ранішнім асвятленні» (1836), «Форум у Пампеях» (1840), партрэт нявесткі мастака (1842) і інш.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦУ́ ((Manzù) Джакома) (24.12.1908, г. Бергама, Італія — 1991),

італьянскі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Вучыўся ў акадэміі Чэканьяні ў Вероне (1927). Зазнаў уплыў М.​Роса. З 1941 выкладаў у АМ у Мілане, з 1955 — у летняй Міжнар. АМ у Зальцбургу. Творы вызначаюцца абвостранай дынамікай, кампазіцыйнымі кантрастамі, спалучэннем тонкай мадэліроўкі паверхні і нервова-рэзкіх ліній: серыі рэльефаў «Варыяцыі на тую ж тэму» (1939—45), «Хрыстос — чалавек сярод людзей» (1947—57), серыі скульптур «Кардыналы» (1936—69), «Танцоўшчыцы» (1951—64), «Стрыптыз» (1964—67), «Каханкі» (1965—68), прасторава-дэкар. кампазіцыі «Пасля танца» (1970-я г.) і інш. Аўтар помніка Супраціўленню ў Бергама (1978), манум. бронз. брам з рэльефамі для сабора св. Пятра ў Рыме («Брама Смерці», 1947—64), сабора ў Зальцбургу (1955—58), царквы Сінт-Лаўрэнскерк у Ротэрдаме («Брама Міру і Вайны», 1966—68). Майстар лірычнага партрэта: «Сусанна» (1937), «Галава Інге» (1958, 1960), «Дзяўчынка ў крэсле» (1955), «Партрэт Майкла Парка» (1964) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Італія.

Літ.:

Горяинов В.В. Д.​Манцу. М., 1972;

Колпинский Ю. Д.​Манцу. [Альбом]. М., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

Дж.Манцу. Галава Інге. 1958.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНКЕ́ВІЧ (Марыя Міронаўна) (н. 13.3.1924, в. Карзюкі Мінскага р-на),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыла студыю пры т-ры імя Я.​Купалы (1948), у якім працавала да 1995. Характарная актрыса камедыйнага плана, майстар эпізадычных роляў: Агата, Адэлька («Паўлінка» Я.​Купалы), цётка Каця, Застрамілава («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Сарока («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Аксюта («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота) і інш.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКІ АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 на могілках у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. па фундацыі ген. Э.​Каверскага. Цагляны аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На гал. фасадзе выступае 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-ліхтар. Прастора нефа перакрыта стральчатымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Перад касцёлам 3-арачная мураваная брама.

А.​М.​Кулагін.

Івянецкі Аляксееўскі касцёл.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬПЯРО́ВІЧ (Навум Якаўлевіч) (н. 14.1.1948, г. Полацк),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік рус. архітэктуры. Засн. ў канцы 14 ст., пабудаваны ў 1-й пал. 16 ст. ў пас. Барысаглебск каля г. Растоў (Яраслаўская вобл.). Вакол цэнтр. прамавугольнай плошчы — сабор Барыса і Глеба (1522—24, прыпісваецца арх. Р.​Барысаву), трапезная (з царквой Благавешчання; 1524—26, арх. Барысаў; перабудавана ў 17 ст.), келлі (16 ст.), званіца (1680). Манастыр абкружаны сценамі з 14 вежамі і 2 цэрквамі 17 ст. Прамавугольныя ў плане сцены з сіметрычна пастаўленымі брамамі і вежамі надаюць ансамблю рысы рэгулярнасці, а свабоднае размяшчэнне багатых пабудоў — жывапісны выгляд.

Брама Барысаглебскага манастыра.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ХМА, Брама,

у брахманізме і індуізме адзін з асн. багоў, творца Сусвету, яго ўвасабленне і душа. Яго ўяўляюць чырвоным, з барадой, чатырохтварым і васьмірукім. Практычна культ Брахмы адсутнічае. Лічыцца, што Брахма трансфармаваў рэчаісны свет з Адзінага; канчатковай жа мэтай усіх вернікаў індуісцкіх рэлігій з’яўляецца дасягненне супрацьлеглага — растварэння ў Вечным і Адзіным. Індуісцкія ўяўленні пра касм. цыклы стварэння і разбурэння звязаны з «днём», «ноччу», «годам» Брахмы.

Літ.:

Дюмезиль Ж. Верховные боги индоевропейцев: Пер. с фр. М., 1986;

Мифы народов мира: Энцикл. М., 1991. С. 185—186.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫНКУ́ШЫ, Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. мастацтва.

К.Брынкушы. Пацалунак. 1908.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВА (Галіна Аляксандраўна) (н. 30.11.1928, Віцебск),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). У 1948 скончыла студыю пры т-ры імя Я.​Коласа, у якім і працавала. З 1959 у т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных і драм. роляў: Маланка («Машэка» В.​Вольскага), Ягадка («Амністыя» М.​Матукоўскага), Кудрыцкая («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Зуйчыха («Страсці па Аўдзею» І.​Бутрамеева), Алена («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага), Нэлі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага). Дзярж. прэмія Беларусі 1989 (за ролі ў радыёспектаклях «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа).

Г.А.Арлова.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)