ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),

італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланыні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).

С.У.Пешын.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ННЯ (Bologna),

горад на Пн Італіі, на р. Рэна, каля падножжа Паўн. Апенінаў. Адм. ц. правінцыі Балоння і вобласці Эмілія-Раманья. Ва ўзгорыстай мясцовасці з высокаразвітой сельскай гаспадаркай (сады і вінаграднікі). 395 тыс. ж. (1993). Займае выгаднае трансп. становішча на шляхах з Паўн. Італіі на Пд. Вузел чыгунак, аўтадарог; аэрапорт; злучаны суднаходным каналам з р. По. Машынабудаванне (у т. л. дакладнае), чорная металургія, хім., керамічная (вырабы з маёлікі), фармацэўтычная, лёгкая, харч., паліграф. прам-сць. Цэнтр атамных даследаванняў.

З канца 6 ст. да нашай эры Балоння (Фельсіна) сталіца этрускаў. У 4 ст. да нашай эры захоплена племем бояў (адсюль сучасная назва). З 189 да нашай эры Балоння — рым. калонія Банонія. На пач. 8 ст. захоплена лангабардамі, пазней была пад уладай франкаў, папы рымскага. У 1114 дамаглася статуса гар. камуны. У канцы 11 ст. засн. Балонскі універсітэт. У 1506—1860 (з перапынкам у 1796—1815) Балоння ў складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

Абрысы сярэдневяковай Балонні (вузкія прамыя вуліцы, дамы з аркадамі на 1-м паверсе, фасады гатычных палацаў) склаліся ў 11—15 ст. У цэнтры горада — плошчы Маджорэ і Нептуна з царквой Сан-Петроніо (14—17 ст.), «Палацам караля Энца» (1246), Палацца Камунале (13—15 ст.), Палацца дэль Падэста (13—15 ст.) і фантанам «Нептун» (1566). Комплекс раманскіх цэркваў 11—13 ст. Сан-Стэфана; нахіленыя дамы-вежы Торэ Гарызенда (1110), Торэ Азінелі (1009—1119); цэрквы Сан-Франчэска (13 ст.) і Сан-Даменіка (13—18 ст.); рэнесансавыя і барочныя дамы. Музеі: Нац. пінакатэка, Гар. музей, Галерэя сучаснага мастацтва. Захаваліся шматлікія некропалі этрускаў 6—4 ст. да нашай эры

Літ.:

Rubbi P. E. Guida alla Bologna d’oggi. Bologna, 1975.

Балоння.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)