Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. устаноў у Еўропе. Засн. Ў 11 ст. ў г. Балоння (Італія). Асновай ун-та стала аб’яднанне вучняў, якія прыбылі з розных месцаў для вывучэння юрыспрудэнцыі. У 12—15 ст. карыстаўся вялікай папулярнасцю; у 13 ст. колькасць навучэнцаў даходзіла да 10 тыс.чал. Па сутнасці ун-т стаў юрыд.навуч. установай. Гал. прадметамі выкладання былі рымскае і кананічнае права. У 14 ст. ўзніклі ф-ты філасофіі, медыцыны і тэалогіі. Зараз ун-т — важны вучэбна-навуковы цэнтр Італіі. Ф-ты: юрыд., паліт. навук, эканомікі і камерцыі, філасофіі і мастацтваў, матэм., фізікі і прыродазнаўчых навук, мед., фармакалогіі, прамысл. хіміі, інжынерны, с.-г., ветэрынарны. Б-ка ун-та засн. ў 1712.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́ЧЫ ((Amici) Джавані Батыста) (25.3.1786, г. Мадэна, Італія — 10.4.1863),
італьянскі батанік і оптык. Скончыў Балонскіун-т (1808). Праф. матэматыкі Мадэнскага (1818—25), астраноміі Пізанскага (1831—35) ун-таў, дырэктар абсерваторыі ў Фларэнцыі (з 1835). Упершыню апісаў рух пратаплазмы ў расліннай клетцы і пылковую трубку (1823), адкрыў у зародкавым мяшку «зародкавы пузырок» (яйцаклетку) і назіраў за пераўтварэннем яйцаклеткі ў зародак (1843). Вынайшаў імерсійны аб’ектыў мікраскопа (1827).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),
італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскіун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІ ((Malpighi) Марчэла) (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),
італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскіун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЛІ́НІ (Уладзімір Альбертавіч) (н. 18.9.1947, г. Медычына, Італія),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-рмед.н. (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1970), Балонскіун-т (1978, Італія). З 1979 у Віцебскім мед. ін-це (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі, функцыян. дыягностыцы, матэм. мадэліраванні.
Тв.:
О факторах, определяющих формирование реографической кривой (разам з АА.Навуменкам, С.М.Собалевым) // Физиология человека. 1987. Т. 13, № 6;
Влияние механических свойств аорты на точность определения сердечного выброса реографическим методом // Кардиология. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),
італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант. мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст.Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст.еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),
пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).
Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл.Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НКІ,
група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г. Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.
Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.