ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),
рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.К.Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).
Літ.:
Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАУ́ЛІ ПІЕТО́МІН, Ваўлё Ненянге,
кіраўнік паўстання ненецкай беднаты ў 1830—40-я г. Аленявод нізавой тундры з р. Таз. На чале ўзбр. дружыны вёў барацьбу супраць мясц. князькоў, багатых аленяводаў, купцоў і царскіх чыноўнікаў. У студз. 1841 з атрадам (400 чал.) падышоў да г. Абдорск (цяпер г. Салехард). Быў схоплены, дастаўлены ў г. Бярозаў, пасля ў г. Табольск і сасланы на катаргу ва Усх. Сібір, дзе памёр. Паўстанне Ваулі Піетоміна ўпершыню апісала ў сваім дзённіку ўраджэнка Беларусі Е.Фялінская, якая адбывала ў Бярозаве ссылку за рэв. дзейнасць.
Літ.:
История Сибири с древнейших времен до наших дней. Т. 2. Л., 1968;
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІКА́НЦЫ (позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),
каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г. кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМ (? — 26.7.1435),
праваслаўны царкоўны дзеяч ВКЛ. З 1417 епіскап смаленскі. У 1432—35 мітрапаліт літоўскі. Паводле некат. летапісаў, меў тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Аднак улада Герасіма абмяжоўвалася тэр.ВКЛ і некаторых суседніх усх.-слав. зямель (напр., Пскова), бо ў 1433 галавой правасл. царквы Маскоўскай дзяржавы з такім жа тытулам «мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі» быў абраны разанскі епіскап Іона. Пасвячоны ў мітрапаліты ў Канстанцінопалі патрыярхам Іосіфам паводле просьбы вял.кн.ВКЛ Свідрыгайлы. Працягваў жыць у Смаленску. Рымскі папа Яўген IV спадзяваўся з дапамогай Герасіма падпісаць унію з правасл. царквой ВКЛ. З пачаткам у 1432 вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам Герасім быў на баку Свідрыгайлы, аднак у 1435 абвінавачаны апошнім у тайных зносінах з Жыгімонтам, арыштаваны і спалены на вогнішчы ў Віцебску. Расправа з Герасімам падарвала аўтарытэт Свідрыгайлы ў войску і садзейнічала яго паражэнню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЕХСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ; рускі нар.маст. промысел. Склаўся ў 1923 у г.п.Палех на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1924 заснавана Палехская арцель стараж. жывапісу, у 1932 — Палехскае т-ва мастакоў, з 1953 — Маст.-вытв. майстэрні Маст. фонду Расіі. Тэхналогія вырабу паўфабрыкатаў перанята ў майстроў фядоскінскай мініяцюры. Сюжэты на тэмы казак, паданняў, літ. твораў, песень, сучаснага жыцця выконваюцца тонкім плаўным малюнкам, вызначаюцца багаццем залатой штрыхоўкі, выразнасцю сілуэта спрошчаных фігур, якія часта ўкрываюць усю паверхню скарбонак, куфэркаў, партабакаў, пудраніц і інш. Характар трактоўкі фігур, пейзажу, архітэктуры паходзіць ад іканапісных традыцый. Сярод буйнейшых майстроў П.м. П.Бажэнаў, І.Баканаў, С.Бахіраў, І.Вакураў, І.Голікаў, А.Катухін, А.Качупалаў, І.Маркічаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Раманія,
феадальная дзяржава ў 1204—61, створаная на тэр.Візантыі пасля заваявання Канстанцінопаля ўдзельнікамі 4-га крыжовага паходу. Л.і. ахоплівала раёны Балканскага п-ва, ПнЗ М. Азіі, а-вы Эгейскага і Іанічнага мораў. Найбольшымі феад. ўладаннямі былі каралеўства Фесалонікі, Ахейскае княства, Афіна-Фіванскае герцагства і інш.Феад. закабаленне сялян, нац. і рэліг. (актыўны наступ каталіцызму) уціск выклікалі супраціўленне мясц. насельніцтва, што перашкодзіла крыжакам заваяваць усю тэр. Візантыі. У выніку сталі ўзнікаць самаст.грэч. дзяржавы (напр., Эпірскі дэспатат, Трапезундская імперыя, Нікейская імперыя). Унутр. разлады, канфлікты з суседзямі аслаблялі Л.і., і яна паступова страчвала ўладанні. У 1206 балг. войскі пад Адрыянопалем нанеслі паражэнне крыжакам і спынілі іх далейшую агрэсію на Балканах. У 1261 войскі Нікейскай імперыі на чале з Міхаілам VIII Палеалогам (гл.Палеалогі) авалодалі Канстанцінопалем і паклалі канец існаванню Л.і. Візантыйская імперыя была адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬБЕ ((Kolbe) Максімілян Марыя) (свецкае імя Раймунд; 8.1.1894, г. Здунска-Воля, Польшча — 14.8.1941),
польскі рэліг. дзеяч. Д-р філасофіі (1915), д-р тэалогіі (1919). Скончыў Грэгарыянскі ун-т у Рыме. З 1914 манах ордэна францысканцаў, з 1918 ксёндз. З 1919 выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі. У 1922—27 служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. У 1927 заснаваў у в. Папротня Лодзінскага ваяв. францысканскі комплекс Непакалянаў (адзін з найбольшых у свеце) і быў яго кіраўніком. У 1931—35 місіянер у Японіі, арганізатар ордэна францысканцаў у г. Нагасакі, выдавец каталіцкага часопіса на яп. мове. Заснавальнік і рэдактар каталіцкіх выданняў, у т. л.час. «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай», з 1922) і газ. «Mały Dziennik» («Малая газета», з 1935). У Час герм. акупацыі Польшчы хаваў асоб, якіх расшуквалі ням.-фаш. ўлады. Арыштаваны гестапа і вывезены ў канцлагер Асвенцім, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў. У 1982 кананізаваны. Культ К. папулярны ў Польшчы і сярод католікаў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІ́СТЫ (ад лац. communis агульны) 1) аб’яднанне з белых рымска-каталіцкіх ксяндзоў на аснове ўласнага статута. Заснавальнік — ням. ксёндз Барталамей Хольцгаўзер. У 1640 ён стварыў аб’яднанне, члены якога абавязваліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак (адсюль назва), дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасць. У 1680 папа рымскі Інакенцій XI зацвердзіў іх статут. На чале ўсёй арганізацыі К. стаяў ген. начальнік, які зацвярджаўся папам рымскім пажыццёва; пры ім былі 2 асістэнты і 2 ген. візітатары. Кіраўніцтва К. ў дыяцэзах (епархіях) ажыццяўлялі дыяцэзныя начальнікі, якія падпарадкоўваліся біскупам. Мясц. абшчыну ўзначальваў суперыёр. З 2-й пал. 17 ст. аб’яднанні К. пашырыліся ў інш.еўрап. краінах. У 1683 біскуп пазнанскі Вяжбоўскі запрасіў абшчыну К. у Рэч Паспалітую, дзе яны заснавалі семінарыю ў г. Гура-Кальварыя, потым — у Варшаве. На Беларусі найб. вядомая іх абшчына — дом К. у Пінску (16951836). У прыгарадзе Пінска Караліне для К. быў пабудаваны касцёл св. Карла Барамея. Апошнія дамы К. у Рас імперыі закрыты разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830—60-я г. 2) Члены камуністычных партый.