ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад колькаснага аналізу, заснаваны на дакладным вымярэнні масы рэчываў з дапамогай аналітычных вагаў. Выкарыстоўваюць для кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, вызначэння хім. саставу горных парод, сплаваў і інш.

Пры гравіметрычным аналізе частку даследуемага цвёрдага рэчыва вядомай масы (навеска) пераводзяць у раствор, з якога вызначаемы кампанент вылучаюць у выглядзе практычна нерастваральнага рэчыва. Асадак аддзяляюць (напр., фільтраваннем), высушваюць ці награюць да ўтварэння ўстойлівага злучэння (вагавая форма) і ўзважваюць, потым разлічваюць колькасць (у% па масе) кампанента ў цвёрдым рэчыве. Адносная хібнасць гравіметрычнага аналізу ±0,1%.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць) у біяхіміі, страта біяпалімерамі прыроднай (натыўнай) канфігурацыі і біял. уласцівасцей у выніку разбурэння іх другаснай і трацічнай структуры пад уплывам фіз. і хім. фактараў. Пры Д. з малекул бялкоў, нуклеінавых к-т і інш. біяпалімераў утвараецца сумесь неўпарадкаваных ланцугоў поліпептыдаў, полінуклеідаў і інш. біяпалімераў, якія могуць выпадаць у асадак. Асн. фактары, што выклікаюць Д., — т-ра, змены pH (пры дабаўленні к-т і шчолачаў), арган. растваральнікі, іоны цяжкіх металаў, хаатропныя рэагенты тыпу дэтэргентаў. З’ява Д. выкарыстоўваецца пры выпечцы хлеба, у кандытарскай, кансервавай і інш. галінах прам-сці.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,

прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш. Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія складаюцца з вулканічнага і асадкавага матэрыялу. Адрозніваюць вулканагенна-асадкавыя пароды: вулканагенна-абломкавыя, утвораныя з абломкавага (піракластычнага) матэрыялу — попелу, часцінак і абломкаў лавы, горных парод, што складаюць вулкан, і асадкавых кампанентаў (туфы, туфіты, туфапясчанікі, туфагравеліты і інш.); хемагенныя, якія складаюцца з матэрыялаў гарачых крыніц, парагазавых струменяў, прадуктаў вышчалочвання вулканічных парод і інш., што выпалі ў асадак на дне мораў або ўчастках прылеглай сушы (многія яшмы, некаторыя руды жалеза, марганцу, адклады серы, фасфарыты і інш.). У Беларусі вулканагенна-асадкавыя пароды вядомыя ў вендзе (верхні пратэразой) у цэнтр., паўд,зах. і паўн.-ўсх. частках і ў дэвоне (на ПдУ).

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,

азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш. хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)