ВЫСО́ЛЬВАННЕ,

тэхналагічны працэс выдзялення рэчыва з яго раствору шляхам прыбаўлення іншага рэчыва (найчасцей солі) з большай растваральнасцю. Пры высольванні рэчыва, якое высольваецца, утварае новую вадкую ці газавую фазу або цвёрды асадак. Выкарыстоўваюць у хім. тэхналогіі для вылучэння каштоўных рэчываў, у вытв-сці мыла, фарбавальнікаў і інш.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТО́МАВЫ МУЛ,

асадак на дне сучасных акіянаў, мораў і азёр, які складаецца пераважна з апалавых панцыраў дыятомавых водарасцей і іх абломкаў. Найб. пашыраны ў акіянах умераных шырот Паўд. паўшар’я, назіраецца ў выглядзе суцэльнага пояса вакол Антарктыды. У выкапнёвым стане Д.м. пераходзіць у асадкавую горную пароду — дыятаміт.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́КІП,

цвёрды, рыхлы ці шчыльны асадак на сценках паравых катлоў, выпаральнікаў і інш. цеплаабменных апаратаў. Утвараецца пры награванні і выпарэнні вады ў выніку выпадзення прымесей (карбанату магнію MgCO3, сульфату кальцыю CaSO4 і інш.), якія прысутнічаюць у ёй (гл. Жорсткасць вады). Пагаршае цеплаперадачу. Ад Н. пазбаўляюцца мех. і хім. спосабамі.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЎНА́Я ВЫ́ВАРКА,

адход піваварнай вытворчасці, нерастваральны ў вадзе асадак соладу (піўная гушча). Змяшчае часцінкі ядзер і абалонкі зерня. У свежым і сушаным выглядзе, часцей у сумесі з інш. кармамі, выкарыстоўваецца для скормлівання с.-г. жывёлам. Хутка псуецца. У 100 кг свежай П.в. змяшчаецца 4,2 кг засваяльнага пратэіну, у 100 кг сушаных — 16,9.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́ННЫЯ АСА́ДКІ,

усе віды адкладаў на паверхні Зямлі, якія ўтвараюцца пры пераходзе асадкавага арган. рэчыва з рухомага, завіслага або растворанага (у паветр. ці водным асяроддзі) у нерухомы стан (асадак). Утвараюцца на дне рэк, азёраў, мораў, акіянаў і інш., а таксама на паверхні сушы як вынік жыццядзейнасці арганізмаў (дыятомавыя і фарамініферавыя глеі, сапрапелі, тарфянікі, ракушачнікі і інш.). У сувязі з забруджваннем антрапагенным у біягенных асадках могуць назапашвацца незвычайна высокія мясц. канцэнтрацыі некаторых рэчываў, зрэдку ядавітых.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАКЕРЫ́Т (ад грэч. ozo пахну + keros воск),

горны воск, мінерал, прыродны нафтавы бітум; сумесь цвёрдых насычаных вуглевадародаў. Колер ад светла-жоўтага да амаль чорнага. Кансістэнцыя ад мяккай, пластычнай да цвёрдай. Цв. 1. Шчыльн. 0,85—1 г/см³, tпл 50—85 °C.

Азакерыт — парафіністы асадак, які выпадае з нафты пры яе ахаладжэнні ў выніку падняцця на паверхню па трэшчынах. Залягае ў жылах, пластах. Выкарыстоўваецца ў радыё-, электратэхніцы, парфумернай і лакафарбавай прам-сці, медыцыне (гл. Азакерыталячэнне).

Азакерыт.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМ-ФІ́ЛЬТР,

прылада для фільтравання, дзеянне якой заснавана на стварэнні вакуумнай помпай рознасці ціскаў па абодва бакі фільтравальнага матэрыялу. Бываюць перыядычнага і безупыннага дзеяння. Выкарыстоўваюцца для раздзялення суспензій, якія маюць цвёрдыя часціцы ва ўзважаным стане, прапампоўваннем іх праз тканіну, сетку, керамічныя пліткі. Пашыраны ў хім. прам-сці, металургіі (пры абагачэнні карысных выкапняў) і інш.

Вакуум-фільтр перыядычнага дзеяння: 1 — рэзервуар; 2 — суспензія; 3 — асадак; 4 — рашотка; 5 — фільтрат; 6 — штуцэр, злучаны з вакуумнай помпай.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),

сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЛЯ́РЫЕВЫ ІЛ,

сучасны акіянічны глыбакаводны крамяніста-гліністы іл, абагачаны шкілетамі радыялярый (гл. Прамянёвікі). У вільготным стане ўяўляе сабой карычневы, зеленавата-шэры, чорны алеўра-пелітавы і пелітавы асадак. Складаецца з апалавага крэменязёму, гліністых мінералаў, вулканагеннага матэрыялу, гідраксідаў жалеза і марганцу, радзей цэалітаў. Пашыраны ў экватарыяльнай зоне Інд. і Ціхага акіянаў на глыб. 4,5—6 км і больш. Займае каля 3,4% агульнай плошчы дна Сусветнага акіяна. У выкапнёвым стане пераходзіць у арганагенную асадкавую пароду — радыялярыт.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАДЫЯГНО́СТЫКА (ад лац. serum сываратка + дыягностыка),

выяўленне дыягназу інфекц. і неінфекц. захворванняў або вызначэнне антыгенных характарыстык тканак чалавека (напр., груп крыві) з дапамогай сералагічных даследаванняў. Засн. на выяўленні антыгенаў або антыцел у крыві (інш. вадкасцях) і тканках арганізма.

Для С. выкарыстоўваюць рэакцыі аглюцінацыі (зліпанне і выпадзенне ў асадак бактэрый, клетак крыві, тканак і інш.), нейтралізацыі, прэцыпітацыі (асаджэнне комплексу антыген-антыцела ў выніку злучэння растваральнага антыгена с антыцелам), радыеімуналагічныя, імунаферментныя і інш. метады.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)