МА́ЗУР (Вікторыя Мікалаеўна) (н. 4.8.1946, г. Магілёў),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арг. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыла Бел. кансерваторыю (1971). З 1970 салістка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Валодае прыгожым моцным голасам. Творчасці характэрны эмацыянальнасць, выразнасць, артыстызм. Сярод роляў: Ірына, Алімпіяда, Паўлінка («Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання», «Паўлінка» Ю.​Семянякі), Сільва, Марыда, Віялета і Мадлен («Сільва», «Марыца», «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), Ганна Главары, Зорыка і графіня Ілона, Фраскіта («Вясёлая ўдава», «Цыганскае каханне», «Фраскіта» Ф.​Легара), Разалінда, Аніна («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Настасся Батманава («Халопка» М.​Стрэльнікава), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Феніса («Хітрамудрая закаханая» А.​Рабава), Насця («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Пенелопа («Пенелопа» А.​Журбіна), Долі («Хэло, Долі!» Дж.​Германа).

А.​Я.​Ракава.

В.М.Мазур.
В.Мазур у ролі Мадлен.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),

расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.​Пранішнікава і У.​Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.​Несцерава, 1913; Дз.​Фурманава, 1922; В.​Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.​Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),

бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1940). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.​Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.​Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага і «Аіда» Дж.​Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.​Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел. нар. песні, у т. л. на Міжнар. муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел. тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.

Літ.:

Модэль М. Л.​П.​Александроўская. Мн., 1945;

Рузов Г. Л.​П.​Александровская. М.; Л., 1950;

Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

Л.П.Александроўская.
Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),

бел. артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял. т-ра СССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.​Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Конрад («Карсар» А.​Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.​Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.​Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.​Семянякі (1973), «Несцерка» Р.​Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1971), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Літ.:

Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.

Л.​М.​Ражанава.

С.У.Дрэчын.
С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)