БАНДАРЭ́НКА (Зінаіда Аляксандраўна) (н. 28.4.1939, Мінск),
дыктар бел. тэлебачання. Нар.арт. Беларусі (1985). Скончыла БДУ (1968). З 1959 дыктар Гомельскай абл. студыі тэлебачання, з 1962 працуе на Бел.рэсп. студыі тэлебачання (з 1976 кіраўнік групы дыктараў). Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нац. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІГРО́ЎСКІ (Антон Антонавіч) (6.2.1906, Мінск — 1937),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). Выступаў у Трупе У.Галубка (БДТ-3). Творчай манеры характэрны высокае майстэрства пераўвасаблення, дакладны псіхал. малюнак, тонкі артыстызм. Найб. значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна), Лундышаў («Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага) і інш. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Ала Львоўна) (н. 1.8.1952, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1973). З 1973 салістка эстрады Бел. філармоніі, з 1974 — харэагр. ансамбля «Харошкі», у 1976—94 — Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Яе творчасці ўласцівы характарнасць і артыстызм. Выконвала сола ў вял. харэагр. пастаноўках («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца») і ў сюжэтных, пераважна жартоўных, танцах-сцэнках («Ах, якая я Ганулька», «Зязюля», «Паўлінка», «Полька-Янка», «Прысюды», «Закадычныя сяброўкі», «Таўкачыкі», «Крутуха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІКАВА (Валянціна Фёдараўна) (н. 18.3.1954, в. Целяшы Гомельскага р-на),
бел. выканаўца на нар.муз. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча імя Н.Сакалоўскага (1973), Бел. кансерваторыю (1978, клас Г.Асмалоўскай). З 1974 артыстка фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», выконвала сола ў многіх пастаноўках (у т. л. «Мітусь», «Лянсей», «Весялуха», «Субота»). З 1988 у фалькл. ансамблі «Жывіца» (з 1990 «Бяседа») Бел. тэлебачання і радыё. Яе выкананню ўласцівы артыстызм, жыццярадаснасць, сцэн. тэмперамент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЗЯ́Н (Ваграм Камеравіч) (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),
армянскі акцёр. Нар.арт.СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сярод інш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́ЦКІ (Станіслаў Мамертавіч) (13.6.1899, б.в. Шкіндзераўка, Мінскі р-н — 17.2.1972),
бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1924 саліст-цымбаліст БДТ (часта іграў у ансамблі з І.Жыновічам), з 1926 — БДТ-2. У 1933—58 (з перапынкам) артыст Дзярж.нар. аркестра Беларусі. Яго ігра вызначалася тэхн. майстэрствам, мяккім меладычным гукам. У 1928—58 выступаў у дуэце з Х.Шмелькіным, артыстызм, веданне імі бел.муз. фальклору далі магчымасць шырока выкарыстоўваць дуэт для афармлення муз. перадач на радыё, акампанементу вядучым спевакам. Першы з бел. цымбалістаў гастраліраваў за мяжой (1927—28, Германія, Швецыя, разам з Л.Александроўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́ЎНІКАЎ (Ігар Уладзіміравіч) (н. 5.11.1954, Мінск),
бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, В.А.Моцарта, С.Рахманінава, бел. кампазітараў Г.Вагнера, Л.Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел.фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ХЛІН (Натан Рыгоравіч) (10.1.1906, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.6.1979),
украінскі і рас. дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Скончыў муз.-драм.ін-т імя М.В.Лысенкі. Вучань А.І.Арлова. У 1931—37 маст. кіраўнік, гал. дырыжор сімф. аркестраў Харкава і Данецка (Украіна). У 1937—62 (з перапынкамі) гал. дырыжор дзярж.сімф. аркестра Украіны, у 1941—45 СССР, у 1966—79 Татарстана. Адначасова ў 1946—66 праф. Кіеўскай, у 1967—79 Казанскай кансерваторый. Дырыжорскае майстэрства, артыстызм, тэмперамент Р. найб. выявіліся пры выкананні твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Г.Берліёза, П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Першы выканаўца шматлікіх твораў сучасных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),
бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж.т-рамуз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.Чыркуна), Майкл («Джулія» У.Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Алег Баян («Клоп» У.Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.Рансуінка).