ФУ́НКЦЫЯ ў матэматыцы,

адно з асн. паняццяў, якое выражае залежнасць адных пераменных велічынь ад другіх. Тэрмінам «Ф.» пераважна карыстаюцца ў дачыненні да абазначэння лікавых суадносін, у астатніх выпадках — спец. тэрмінамі (адлюстраванне, пераўтварэнне, аператар, функцыянал, вектар-функцыя і інш.).

У найпрасцейшым выпадку, калі велічыні — сапраўдныя лікі, Ф. вызначаецца як адпаведнасць ліку y зададзенаму ліку x, што абазначаецца y = f(x), дзе x — незалежная пераменная (аргумент), y — залежная пераменная (функцыя). Калі кожнаму значэнню аргумента x адпавядае толькі 1 значэнне y, то такая Ф. наз. адназначнай, калі некалькі — мнагазначнай. Аналагічна разглядаецца Ф. 2 ці больш пераменных. Ф. можа быць зададзена аналітычна (з дапамогай 1 ці больш формул), дзе ўстаноўлены выліч. аперацыі над x для атрымання значэння y. Вобласцю вызначэння Ф. лічыцца сукупнасць значэнняў x, для якіх дапушчальнае выкананне аперацый, прыведзеных у формулах. Часам Ф. задаецца на словах, напр., функцыя Дзірыхле роўная 1, калі x — рацыянальны лік, і роўная 0, калі x — ірацыянальны лік. Пашыраны таксама графічны (гл. Графік, Графічныя вылічэнні) і таблічны (гл. Табліцы матэматычныя) спосабы задання Ф. Гл. таксама Адваротная функцыя, Манатонная функцыя, Неперарыўная функцыя, Няяўная функцыя, Перыядычная функцыя, Разрыўныя функцыі, Спецыяльныя функцыі, Элементарныя функцыі.

А.​А.​Гусак.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАУ́ХІН Уладзімір Аляксеевіч (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),

рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.​Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.​Макаль, Я.​Сіпакоў, В.​Шымук, апавяданні — Я.​Брыль, В.​Вітка, Гігевіч, Г.​Далідовіч, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, А.​Кудравец, Я.​Лецка, М.​Стральцоў, І.​Чыгрынаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983—84;

Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;

Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;

Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;

Бел. пер. — Пад адным дахам. Мн., 1984.

А.​В.​Спрынчан.

У.А.Салаухін.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.

Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.​Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.​А.​Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн. руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.​Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.

Кр.:

Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.

Літ.:

Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́КАЎ Васіль Уладзіміравіч (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.​Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел. т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.​Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.​Вагнера). В.​Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1974;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1980—82;

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1992—94.

Літ.:

Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;

Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;

Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;

Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;

Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;

Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.

С.​А.​Андраюк.

В.У.Быкаў.

т. 3, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУРА І КІРАВАННЕ

Структура нацыянальнай эканомікі. Эканоміка Беларусі як гістарычна сфарміраваная сістэма грамадскага ўзнаўлення ў межах краіны ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных звёнаў і ўпарадкаваных сувязей, якія забяспечваюць яе ўстойлівасць і цэласнасць. Яна ўключае комплекс галін па вытворчасці тавараў і паслуг з адпаведнымі тэхнал. і міжгаліновымі сувязямі, формы арганізацыі і кіравання вытворчасцю, механізмы яе дзярж. і рыначнага рэгулявання.

Крызіс у эканоміцы Беларусі пач. 1990-х г, які быў выкліканы распадам СССР і яго адзінага народнагасп. комплексу, меў таксама глыбокі структурны характар: неадпаведнасць у структуры вытворчасці і спажывання, перавага вытворчасці сродкаў вытворчасці, нізкая доля сферы паслуг, слабая насычанасць спажывецкага рынку таварамі нар. спажывання айч. вытворчасці, недастатковае развіццё экспартнага сектара эканомікі і інфраструктурнага комплексу, недастатковая дыверсіфікацыя гарантаваных крыніц паставак паліўна-энергет. рэсурсаў.

Структура эканомікі, якая грунтуецца на сучасных інстытуцыянальных і тэхнал. рашэннях. выкарыстанні прыродных, эканам., дэмаграфічных і інш. рэсурсаў і арыентаваных на задавальненне попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, з’яўляецца асновай канкурэнтаздольнасці і росту даходаў насельніцтва краіны. Пабудова нац. эканомікі рыначнага тыпу патрабавала глыбокіх структурных пераўтварэнняў усяго комплексу галін, вытворчасцей, міжгаліновых комплексаў, іх узаемасувязей, матэрыяльных, энергет., інфарм. і фін. патокаў, цэнавых прапорцый, а таксама стварэння прававой прасторы, адпаведнай рыначным адносінам, нац. сістэмы рэгулявання і кіравання, уключэння структурнай перабудовы ў агульны працэс пабудовы бел. дзяржаўнасці. У пабудове новай мадэлі нац. эканомікі асаблівае значэнне мае структура вытвараючага комплексу эканомікі, якая складаецца з узнаўленчай, галіновай, тэхнал. і рэгіянальнай структур.

Узнаўленчая структура характарызуецца суадносінамі элементаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) па канчатковым іх выкарыстанні (гл. табл. 1). За 1990—95 расходы на канчатковае спажыванне выраслі з 71,2% да 79,6%, з іх расходы дамашніх гаспадарак — з 44,5% да 56%; у 2000 адзначана іх зніжэнне, а ў 2003 удзельная вага такіх расходаў зноў павялічылася адпаведна да 80,0 і 57,3%. Доля дамашніх гаспадарак не дасягае паказчыка развітых краін, дзе ён апошнія 20 гадоў застаецца на ўзроўні 60%. Разам з доляй спажывання дамашніх гаспадарак ацэньваецца і рэальны ўзровень жыцця насельніцтва краіны.

З 1990 па 1995 доля ВУП, які накіроўваецца на валавое накапленне, знізілася з 26,6% да 24,8%; у 2000 яна склала 25,4%, а ў 2003—23,9%. У краінах з развітой рыначнай эканомікай гэта доля ў апошнія дзесяцігоддзі застаецца стабільнай у межах 21—24%. Аналіз глыбінных працэсаў эканомікі, асабліва інвестыцыйных, сведчыць, што існаваўшы ў СССР прымат матэрыяльнай вытворчасці прывёў эканоміку да ўцяжаранай рэсурсаёмістай структуры за кошт галін вытворчасці сродкаў вытворчасці (у 1990 група «А» у прамысловасці Беларусі складала 67%, група «Б» — 33%). І хаця ў апошнія гады гэтыя суадносіны крыху змяніліся на карысць тавараў нар. спажывання (група «Б»), былая структурная інерцыя пераадольваецца павольна.

Параўнальны аналіз паказвае таксама перавагу вытворчай сферы. Да 1990 доля капітальных укладанняў на яе развіццё ўстойліва складала 67—68%, да 2000 яна знізілася да 57,6%, у 2003 вырасла да 64%. У структуры асн. фондаў удзельная вага вытворчых фондаў павялічылася з 69,6% у 1990 да 76% у 2000. У развітых краінах на долю вытворчых фондаў прыпадае, як правіла, 37—38%, а невытворчых — 63—62%. У 2003 (у сістэме нац. рахункаводства) усе асн. фонды склалі 152,6 трлн. руб., у т. л. ў галінах, якія вырабляюць тавары, 79,3 трлн. руб. (52%) і ў галінах па аказанні паслуг 73,3 трлн. руб. (48%). Гэтыя суадносіны ўзмацняюцца нарастаючай ступенню зносу асн. фондаў (гл. табл. 2) і нізкай інвестыцыйнай актыўнасцю ў эканоміцы. Ступень зносу ўсіх фондаў вырасла з 33,3% у 1990 да 54,2% у 2003, вытворчых — адпаведна з 40,8 да 55,2%. У цэлым па нар. гаспадарцы знос актыўнай часткі асн. фондаў перавышае 75% (на канец 2003), у сельскай гаспадарцы і буд-ве складае больш чым 80%. Пераадоленне такой негатыўнай тэндэнцыі магчыма толькі шляхам абнаўлення асн. фондаў на аснове ўкаранення найноўшых тэхналогій, дасягнення дастатковых аб’ёмаў інвестыцый, эфектыўнай амартызацыйнай палітыкі.

Галіновая структура характарызуецца найперш удзельнай вагой розных галін у вытв-сці ВУП і колькасці занятага ў ім насельніцтва. У 2003 аб’ём ВУП склаў у бягучых цэнах 35 930 млрд. руб. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння долі вытв-сці тавараў і павелічэння долі вытв-сці паслуг. Калі ў 1990 яны складалі адпаведна 68,9 і 28,5%, у 2000—45,6 і 39,9%, то ў 2003—40,4 і 44,7% (гл. табл. 3). Уклад прамысловасці ў вытворчасць ВУП складае 26,5%, сельскай гаспадаркі — 11,6, будаўніцтва — 6,4, транспарту і сувязі — 11,6, гандлю і грамадскага харчавання — 9,5%. Доля дзвюх апошніх галін павялічылася (у 1990 яны складалі адпаведна 6,5 і 3,5%), а доля сельскай гаспадаркі знізілася (у 1990 яна складала 27,6%). У развітых краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва (ЗША, Францыя, Японія і інш.) доля прамысловасці складае каля 30%, сельскай гаспадаркі — 2%, а ўдзельная вага паслуг дасягае 70% (тэндэнцыя да росту долі паслуг назіраецца і ў такіх краінах з сярэднім даходам, як Расія, Украіна, Польшча, Літва).

У 2003 у эканоміцы Беларусі было занята 4305 тыс. чал., у т. л. ў прамысловасці 26,2%, будаўніцтве 7,1, сельскай гаспадарцы 11,1, на транспарце і сувязі 8,1, у гандлі і інш. вытворчых галінах каля 15%. У невытворчай сферы доля занятых складала 30,7%. Працяглая канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на развіцці прамысловасці, арыентацыя на поўную занятасць прывялі да празмернага павелічэння занятага ў ёй насельніцтва. Лішкам занятых з прычыны нізкай прадукцыйнасці працы, слабай тэхн. і тэхнал. аснашчанасці характарызуецца і другая па велічыні ў нац. даходзе галіна нар. гаспадаркі Беларусі — сельская гаспадарка. За 1990—2003 доля занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці панізілася на 9,0%, у прамысловасці — на 4,7%, будаўніцтве — на 4%, у сельскай гаспадарцы — на 8% (гл. табл. 4). На Беларусі адзін заняты ў сельскай гаспадарцы корміць каля 10 чал., а ў развітых краінах — больш за 40. Застаецца высокай удзельная вага паліва і энергіі ў агульных затратах на вытворчасць прадукцыі, асабліва ў такіх галінах прамысловасці, як чорная металургія, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў і інш. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння занятых на транспарце і сувязі, у гандлі, грамадскім харчаванні, збыце і нарыхтоўках. З 22,3 да 31,2% павялічылася колькасць занятых у невытворчай сферы. У галіновай структуры эканомікі за кошт прамысловасці і сельскай гаспадаркі павольна расце доля сферы паслуг, што вымагае прыняцця радыкальных мер па яе развіцці і пераразмеркавання інвестыцый на яе карысць, істотнага павышэння іх аддачы.

Тэхналагічная структура эканомікі адлюстроўвае спалучэнне спосабаў вытв-сці, тэхнал. укладаў і пакаленняў тэхнікі ў структуры грамадскага ўзнаўлення. Яна характарызуецца доляй найноўшай тэхнікі, дынамікай яе павелічэння, наяўнасцю высокіх навукаёмістых, рэсурсазберагальных, эколагаабаронных тэхналогій, зніжэннем узроўню матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці ВУП і інш. Беларусь значна саступае развітым краінам і па агульным узроўні тэхнал. патэнцыялу, і па тэхналогіях постіндустрыяльнага грамадства: доля V і часткова VI тэхнал. укладаў (мікраэлектроніка, оптыка-валаконная тэхніка, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, касмічная тэхніка, тонкая хімія і інш.) у краіне не перавышае 10%. Высокім застаецца ўзровень матэрыяла- і энергаёмістасці ВУП. Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца рэзкая актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнне адладжанай сістэмы гарантый і страхавання такой дзейнасці, укараненне сучаснага менеджменту і новых тэхналогій. На карэннае паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці накіраваны і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь да 2020, распрацаваны пад эгідай Нац. АН Беларусі і Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях, Праграма структурнай перабудовы і павышэння канкурэнтаздольнасці бел. эканомікі да 2010.

Рэгіянальная структура эканомікі абумоўлівае якасныя характарыстыкі прасторава-тэрытарыяльнай арганізацыі прадукцыйных сіл, ступень комплекснасці і эфектыўнасці сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў, узровень іх дыферэнцыяцыі па стандартах жыцця насельніцтва. У 2003 у тэр. структуры вядучага сектара эканомікі — прамысловасці — Брэсцкая вобл. займала 9,3%, Віцебская — 17,2 Гомельская — 20,5, Гродзенская — 9,1, Мінская — 13,9, Магілёўская — 8,7, г. Мінск — 21,3%. У параўнанні з 1990 адпаведны паказчык зніжаны ў Віцебскай і Гомельскай абл., павялічаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абл. і г. Мінску. Гэтая задача надта складаная як з пункту гледжання рэсурсаў, так і па часавым фактары. Рэгіянальнай праблемай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Удасканаленне рэгіянальнай структуры разглядаецца і як самаст. фактар развіцця прадукцыйных сіл, і як сродак павышэння эфектыўнасці ўзнаўленчай, галіновай і тэхнал. структур. Актуальнасць гэтых фактараў расце яшчэ і таму, што на Беларусі гістарычна склаўся падзел на ўсх. і зах. рэгіёны, якія адрозніваюцца як узроўнем развіцця і вытворчай спецыялізацыяй, так і дабрабытам народа, яго менталітэтам.

Аналіз усіх відаў структур акрэслівае кола праблем, ад вырашэння якіх залежыць фарміраванне нац. эканомікі рыначнага тыпу. Найперш гэта сац. пераарыентацыя ўзнаўленчай структуры, развіццё сродкаў вытв-сці для спажывецкага сектара, прыярытэтнае развіццё новых базавых галін прамысловасці і АПК на аснове высокіх тэхналогій, інтэнсіфікацыя развіцця сацыяльна арыентаваных галін, сферы паслуг, паскоранае развіццё экспартных і імпартна-замяшчальных вытв-сцей, рэсурсазберажэнне і расшырэнне выкарыстання навукаёмістых, экалагічна чыстых тэхналогій па нарматывах эканамічна развітых краін. Комплексныя меры, якія рэалізуюцца на ўзроўні асобных галін і сектараў эканомікі, накіраваны на перабудову фін. сістэмы, грашова-крэдытных адносін і цэнаўтварэння, каб процідзейнічаць інфляцыі і стымуляваць вытворчую актыўнасць, а таксама на выраўноўванне гандлёвага і плацежнага балансу, рэфармаванне аплаты працы, палітыкі даходаў і занятасці, сістэмы сац. падтрымкі.

Агульнасістэмныя меры ствараюць прававое і інстытуцыянальнае эканам. асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць усе суб’екты гаспадарання, у т. л. прадпрыемствы як першаснае і асн. звяно эканомікі. Таму ў структурнай перабудове гал. акцэнт робіцца на рэструктурызацыю прадпрыемстваў, іх акцыяніраванне, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці.

Для ўтварэння карпаратыўных структур існуе ўсё больш аб’ектыўных перадумоў, гал. з якіх з’яўляецца развіццё розных форм уласнасці. Доля дзярж. формы ўласнасці (рэсп. і камунальнай) у аб’ёмах прамысл. вытворчасці ў 2003 склала 37,6%, што на 16,2% менш, чым у 2000. Формы прыватнай уласнасці даюць 60,5% агульнага аб’ёму вытв-сці, у т. л. суб’ектаў змешанай уласнасці без замежнага ўдзелу — 43,3, з замежным удзелам — 6,5%, а доля замежнай уласнасці складае ўсяго 1,2%. Недзярж. формы ўласнасці даюць прыросты вытворчасці большыя, чым дзяржаўныя. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў як асн. звяно структурнай перабудовы эканомікі дазволіць вырашыць праблему найб. эфектыўных суадносін усіх форм уласнасці (прыватнай індывідуальнай, прыватнай калектыўнай, дзяржаўнай, змешанай).

Сістэма кіравання. Неабходная прававая база пад сістэму кіравання эканомікай закладзена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэннях Парламента і Урада, указах і дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нарматыўных актах рэсп. органаў кіравання, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый» зацверджана сістэма такіх органаў і арганізацый. У сац.-эканам. блок гэтай сістэмы ўваходзяць 15 мін-ваў (архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, па падатках і зборах, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі), 3 дзярж. камітэты (ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях), 7 камітэтаў пры Савеце Міністраў (па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці) і 7 дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Ураду (канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белмясцпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам», Бел. чыгунка), а таксама Бел. рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), які знаходзіцца ў веданні Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях, вызначаных заканадаўствам.

У рэгуляванні ўласна вытворчай сферы і інфраструктуры вызначальную ролю адыгрываюць галіновыя органы кіравання, якія ахопліваюць усе нар.-гасп. комплексы, у т. л.: паліўна-энергет. комплекс, прамысловасць, АПК, буд. комплекс, транспарт і сувязь, матэрыяльна-тэхн. забеспячэнне, гандаль, быт. абслугоўванне насельніцтва. Асн. цэнтрамі кіравання і рэгулявання гэтымі комплексамі з’яўляюцца адпаведныя мін-вы і ведамствы, канцэрны, аб’яднанні, асацыяцыі, у абавязкі якіх уваходзяць: распрацоўка і рэалізацыя структурнай перабудовы галіны на праграмна-мэтавай аснове. фін. рэгуляванне, садзейнічанне прамым сувязям паміж суб’ектамі гаспадарання, стымуляванне інвестыцыйнай, навук.-тэхн. і знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемстваў, распрацоўка эканам. нарматываў і стандартаў, аналіз функцыянавання галін, складанне праграм і прагнозаў іх развіцця, аказанне кансультатыўнай дапамогі.

Інтэграцыйныя працэсы ў краінах СНД абумоўліваюць неабходнасць стварэння міждзярж органаў кіравання, якія б каардынавалі дзейнасць нац. органаў кіравання краін-удзельніц, рэгулявалі міждзярж. патокі рэсурсаў, капіталаў і насельніцтва, ажыццяўлялі кіраванне адзінымі энергасістэмай, сістэмай транспарту і камунікацый, займаліся мытным і падатковым рэгуляваннем. У Саюзе Беларусі і Расіі дзейнічаюць Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Рас.-Бел. камісія па навук.-тэхн. супрацоўніцтве, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя і інш. органы У перыяд трансфармацыі і радыкальных грамадскіх пераўтварэнняў захоўваецца роля дзяржавы ў рэгуляванні сац.-эканам. працэсаў. Мяняюцца змест і арганізацыя такога яго механізму, як планаванне; жорсткае дырэктыўнае планаванне замяняецца індыкатыўным і рэгулюючым, заснаваным на распрацоўцы сістэмы паказчыкаў (індыкатараў) сац.-эканам. развіцця, якія характарызуюць дынаміку, структуру і эфектыўнасць эканомікі, стан фінансаў, грашовага абарачэння, рынку тавараў і каштоўных папер, рух цэн, занятасць, узровень жыцця насельніцтва, знешнеэканам. сувязі і г.д.

Стратэгічная задача кіравання на сучасным этапе — рэалізацыя перспектыўнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой аддаецца прыярытэт сац. мэтам. Гэта якасць і працягласць жыцця насельніцтва, ахова і паляпшэнне асяроддзя пражывання людзей, сац. гарантыі і сац. справядлівасць, захаванне і прымнажэнне культ. і духоўна-маральных каштоўнасцей з улікам традыцый і нац. асаблівасцей краіны. Выбар канкрэтных форм і метадаў кіравання грунтуецца на выкарыстанні айч. і замежнага вопыту, навук.-метадычных і метадалагічных распрацовак, крытэрыяў эфектыўнасці сістэм і метадаў кіравання, уліку канкрэтных умоў, узроўняў аб’ектаў рэгулявання. У якасці рацыянальнага спосабу гаспадарання ўзяты арыенцір на інтэнсіўны метад з паступовым звужэннем поля выкарыстання экстэнсіўных форм вядзення гаспадаркі.

Адна з фундаментальных задач пры пераходзе да сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі — зрабіць эфектыўным асн. звяно эканомікі — прадпрыемства, адаптаваць яго да новых умоў гаспадарання. З развіццём рыначных адносін па меры прыватызацыі правы валодання, карыстання, распараджэння перадаюцца з верхняга ўзроўню кіравання на ўзровень прадпрыемства, а прамое дзярж. кіраванне ўсё больш будзе замяняцца ўскосным рэгуляваннем пры адначасовым развіцці рыначнай самарэгуляцыі. Ва ўмовах Беларусі найб. прымальнымі арганізац. формамі гасп. дзейнасці, якія адлюстроўваюць пераход да пераважна рыначных адносін і новага зместу дзярж. рэгулявання, з’яўляюцца акц. т-вы — карпарацыі і канцэрны. Асн. праваднікамі дзярж. палітыкі дэманапалізацыі галін прам-сці і стварэння новых канкурэнтаздольных вытворчасцей становяцца дзярж. аб’яднанні прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў галіне маркетынгу, навук. пошукаў, тэхнал. і прамысл. праектавання і маюць надзейныя інструменты прыцягнення інвестыцый для вырашэння сваіх задач.

Праграмы ўстойлівага эканам. развіцця краіны прадугледжваюць захаванне і развіццё буйных прадпрыемстваў з іх глыбокай перабудовай на рыначныя рэйкі, разгортваннем службаў менеджменту, маркетынгу, тэхнал. абнаўлення. Гэты аргумент улічваецца і пры вырашэнні пытання аб ролі і месцы прыватнай уласнасці на зямлю, аб фарміраванні ў сельскіх гаспадароў цікавасці да канкурэнтаздольнасці ў міжнар. маштабе і выкарыстання імі дасягненняў сучаснага навук. і тэхнал. прагрэсу. Важным фактарам стварэння перадумоў устойлівага росту эканомікі з’яўляецца выкарыстанне праграмна-мэтавага метаду кіравання з асн. формай яго рэалізацыі — мэтавымі праграмамі, якія адрозніваюцца зместам і ўзроўнем кіравання. Для павышэння значнасці і статуса такіх дзярж. праграм у 1997 уведзены інстытут прэзідэнцкіх праграм «Дзеці Беларусі», «Жыллё», «Бытавая электроніка», «Інфарматызацыя» і інш. Эканам. праграміраванне выкарыстоўваецца разам з інш. формамі і метадамі апераджальнага аналізу і рэгулявання сац.-эканам. працэсаў: сац. прагнозамі, доўгатэрміновымі канцэпцыямі, генеральнымі схемамі кіравання, праектамі развіцця высокатэхнал. вытворчасцей і г.д. Сярод найб. важных дзярж. праграм вылучаюцца: Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу (1994), Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2000 (1995), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 (1996), Нац. праграма прыцягнення інвестыцый (1996), Канцэпцыя сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 (1998); Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05 (2000), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 (2003); сац. праграмы «Культура», «Здароўе», «Жанчыны Беларусі», дзярж. падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі, па праблемах пажылых людзей і інш. Распрацавана мноства рэсп., галіновых, навук.-тэхн., сац., экалагічных і інш. праграм. Найб. прыярытэтнымі кірункамі ўсіх праграмных распрацовак з’яўляецца развіццё розных галін эканомікі, навук.-тэхн. прагрэсу, міжгаліновых комплексаў і вытворчасці асобных прадуктаў, рэсурсазберажэнне, экалогія, блок сац. палітыкі і сац. праблем.

Літ.:

Программа структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1994;

Экономика Беларуси: пути стабилизации и социально-экономического обновления. Мн., 1995;

Национальная стратегия устойчивого развития Республики Беларусь. Мн. 1997, Санько Г.Т. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;

Беларусь: государство, управление, человек: Нац. отчет о человеч. развитии, 98. Мн., 1998;

Экономико-математические методы и модели. Мн., 1999;

Никитенко П.Г. Модель устойчивого социально-экономического развития Беларуси: проблемы формирования и эволюции Мн., 2000;

Яго ж. Императивы инновационного развития Беларуси: теория, методология, практчка. Мн., 2003;

Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XX в. Мн., 2001;

Прогнозирование социально-экономического развития Республики Беларусь: вопросы теории и методики. Мн., 2001;

Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;

Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003.

Л.​М.​Крукаў.


Табліца 1
Структура валавога ўнутранага прадукту па элементах канчатковага выкарыстання (у бягучых цэнах, у % да выніку)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Валавы ўнутраны прадукт 100 100 100 100 100 100
у т. л. расходы на канчатковае спажыванне, з іх: 71,1 79,6 77,5 79,7 81,4 80,0
дамашніх гаспадарак 44,6 56,0 55,7 55,9 58,4 57,3
дзяржаўных устаноў 23,8 20,5 19,7 21,7 21,3 21,1
некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць дамашнюю 2,8 3,1 2,1 2,1 1,7 1,7
гаспадарку Валавое накапленне 26,6 24,8 25,7 23,9 22,4 23,9
у т. л.: асноўнага капіталу 21,9 24,7 25,5 24,2 24,2 23,4
змяненне запасаў матэрыяльных абаротных сродкаў 4,6 0,1 0,2 1,1 0,2 0,5
Чысты экспарт тавараў і паслуг (сальда знешняга гандлю) 2,3 -4,4 -3,2 -3,6 -3,8 3,9

Табліца 2
Ступень зносу асноўных фондаў у матэрыяльнай вытворчасці (у %)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Усе асноўныя фонды 33,3 42,3 49,8 52,3 53,5 54,2
Вытворчыя з іх: 40,8 44,6 51,3 54,1 54,8 55,2
прамысловасць 52,0 56,5 58,9 61,4 62,4 63,4
сельская гаспадарка 26,6 40,1 56,6 57,5 57,2 57,6
будаўніцтва 56,4 41,8 41,0 42,5 43,1 42,1
транспарт 40,6 41,3 53,1 54,8 55,6 52,3
гандаль і грамадскае харчаванне 25,4 34,9 39,4 41,2 42,9 44,0

Табліца 3
Структура вытворчасці валавога ўнутранага прадукту (у бягучых цэнах, у % да выніку)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Валавы ўнутраны прадукт (у рыначных цэнах) — усяго 100 100 100 100 100 100
у т. л.: вытворчасць тавараў 68,9 49,2 45,6 42,8 41,9 40,4
вытворчасць паслуг 28,5 41,1 39,9 44,4 41,1 44,7
чыстыя падаткі на прадукты і на імпарт 2,6 9,7 14,5 12,8 14,0 14,9

Табліца 4
Размеркаванне колькасці занятага насельніцтва па галінах эканомікі (у %)
1990 1995 2000 2001 2002 2003
Усяго занятых у эканоміцы у т. л.: 100 100 100 100 100 100
прамысловасць 30,9 27,6 27,6 27,4 26,7 26,2
будаўніцтва 11,1 6,9 7,0 7,2 7,1 7,1
сельская гаспадарка 19,1 19,1 14,1 13,3 12,1 11,1
транспарт 6,0 5,7 5,8 5,9 6,5 6,6
сувязь 1,1 1,3 1,4 1,4 1,5 1,5
гандаль, грамадскае харчаванне, матэрыяльнае забеспячэнне і збыт, нарыхтоўкі 7,4 10,7 12,0 12,2 12,9 13,7
у невытворчай сферы 22,3 26,7 29,9 30,4 30,7 31,2

т. 18, кн. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)