АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня), на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМАЛА́І

(ад санскр. хімалая — прыстанак снягоў),

найвышэйшая горная сістэма Зямлі, у Азіі, паміж Тыбецкім нагор’ем на Пн і Інда-Гангскай раўнінай на Пд, на тэр. Індыі, Непала, Кітая, Пакістана, Бутана. Працягнуліся з ПнЗ на У больш як на 2400 км, шыр. да 350 км, пл. каля 650 тыс. км². Выш. да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст). Паводле рэльефу і геал. будовы ў Гімалаях вылучаюцца 3 часткі, якія ступенямі з Пд на Пн узвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай: Сівалікскія горы (Перадгімалаі), выш. 700—900 м, парэзаны шматлікімі рэкамі; Малыя Гімалаі выш. 3500—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м; Вялікія Гімалаі, дзе 11 вяршынь выш. 8000 м і больш, у т. л. Канчэнджанга (8585 м), Макалу (8470 м), Дхаўлагіры (8221 м), Кутанг (8126 м) і інш.; характэрны глыбокае тэктанічнае расчляненне, альпійскі рэльеф, вышынныя кантрасты, магутнае зледзяненне (пл. больш за 33 тыс. км², буйны ледавік — Ганготры). Гімалаі сфарміраваліся ў эпоху альпійскай складкавасці на месцы былога акіяна Тэтыс. Паўд. перадгор’і складзены пераважна з пясчанікаў і кангламератаў, карэнныя схілы і восевая зона — з гнейсаў, крышт. сланцаў, гранітаў, філітаў і інш. крышт. і метамарфічных парод. Карысныя выкапні: золата, медзь, храміт, мыш’як, буры вугаль, гаручыя газы, нафта, каменная і калійная солі, сапфір. Гімалаі — прыродны кліматычны бар’ер паміж абласцямі трапічнага мусоннага клімату Паўд. Азіі і пустынна-стэпавага Цэнтр. Азіі. У перадгор’ях сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 25 °C. Вышыня снегавой лініі вагаецца ад 4500 м на паўд. схілах да 5700 м на паўночных. Перавалы ляжаць на выш. 3500—4500 м (Тангла). Вял. кантрасты ў Гімалаях ва ўвільгатненні: найб. колькасць ападкаў летам у перыяд паўд.-зах. мусону. У паўд.-ўсх. ч. гор выпадае да 3000 мм, у зах. — 1500—1000 мм, на паўн. схілах (падветраных, сухіх) — каля 100 мм за год. У Гімалаях пачынаюцца асн. рэкі Паўд. Азіі — Інд, Ганг, Брахмапутра. Ва Усх. Гімалаях на паўд. схілах да 400 м — тэраі — забалочаная паласа вільготных лясоў і хмызнякоў. Да выш. 1500 м вільготныя трапічныя лясы (пальмы, бамбукі, дрэвападобныя папараці, панданусы, магноліі, шмат ліян). Ад 1500 да 2700 м вечназялёныя дубовыя лясы (дубы, каштаны, рададэндраны, клёны, у падлеску імхі і лішайнікі). На выш. 2700—3700 м пояс хвойных лясоў з піхты серабрыстай, елкі блакітнай, лістоўніцы, цугі, кедра гімалайскага. Ад 3700 м да пояса снегу субальпійскія і альпійскія лугі. Вышэй за 5000—5400 м нівальны пояс (скалы, снег, лёд). У Зах. Гімалаях у ніжнім поясе міжземнаморскі тып вечназялёных хмызнякоў. Да 1500 м субтрапічныя шыракалістыя дубовыя і кляновыя лясы. На выш. 1500—3500 м пояс хвойных і лістападных лясоў. Да выш. 4600 м альпійскія лугі, вышэй пояс пустынь і ледавікоў. Паўн. схілы Гімалаяў бязлесныя, пашыраны пустынна-стэпавыя ландшафты з рэдкімі ксерафітнымі травамі і хмызнякамі. У джунглях перадгор’яў водзяцца сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, тыгры, малпы, з птушак — паўліны, фазаны, папугаі, на паўн. схілах — які, дзікія бараны, козы, гімалайскі мядзведзь і інш. Ландшафты Гімалаяў зменены пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека: узараны перадгор’і і нізкагор’і (75% Кашмірскай даліны займае ворыва), тэрасаваны ўчасткі схілаў пад пасевы чайнага куста, рысу, садавіны, ячменю. Лесараспрацоўкі. Развіваецца альпінізм.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІЯ

(грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),

самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн. км²) частка свету. Размешчана ў паўн. ч. Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′ паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′ паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′ усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′ зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На З унутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн. км², астравы — 2,5 млн. км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м. в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс. км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).

Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн. ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр. ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял. тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн. ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.

Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл. Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн. ч. Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.

Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз. Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс. км². Значную тэр. Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс. км²) займае шматгадовая мерзлата.

Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім пв-е, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.

Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.

Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд. чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.

Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр. Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).

Літ.:

Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;

Физическая география материков и океанов. М., 1988;

Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;

Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;

Юго-Западная Азия. М., 1979;

Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;

Российская Федерация. М., 1983.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Н

(Gabon),

Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВт гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.М.Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р,

Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка, АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае 1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёммы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Б.А.Лазука (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)