АТЛА́С

(грэч. Atlas),

Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.

Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-ра студз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-ра ліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч. тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)