антыло́пы, -ло́п, адз. антыло́па, -ы, ж.

Агульная назва розных відаў парнакапытных жвачных млекакормячых сямейства пустарогіх (сарны, сайгакі, джэйраны і пад.).

|| прым. антыло́пны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Антылопы 1/368; 8/630

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛО́ПЫ,

групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопыгну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. ў карку ад 25 с (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антыло́па

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. антыло́па антыло́пы
Р. антыло́пы антыло́п
Д. антыло́пе антыло́пам
В. антыло́пу антыло́п
Т. антыло́пай
антыло́паю
антыло́памі
М. антыло́пе антыло́пах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

ка́на, ‑ы, ж.

Род вялікай антылопы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустаро́гі, -ая, -ае.

3 пустымі рагамі, якія ўяўляюць сабой адросткі лобных касцей, пакрытых рагавым рэчывам.

Сямейства пустарогіх (наз.: авечкі, козы, антылопы і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сайга́к, ‑а, м.

Буйная млекакормячая жывёліна атрада парнакапытных стэпавай зоны, від антылопы (ужываецца таксама ў знач. самца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сайга́, -і́, ДМ сайзе́, мн. са́йгі, -аў, ж. і сайга́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Стэпавая парнакапытная жывёліна з лірападобнымі рагамі, від антылопы.

|| прым. сайга́чы, -ая, -ае.

С. статак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сайга́, сайга́к ’буйная млекакормячая жывёліна атрада парнакапытных стэпавай зоны, від антылопы’ (ТСБМ). Праз рус. сайга́, сайга́к ’від антылопы’ з цюрк. моў; параўн. чагат. saiɣak ’серна’. Гл. Радлаў, 4, 222; Локач, 141; Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 150; Фасмер, 3, 545.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сайга́к

(цюрк. sajgak)

від антылопы, парнакапытная жывёла стэпавай зоны Азіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)