«ВЕНЕ́РА»,

назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.

У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. «Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,

месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.

Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс. м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.

Літ.:

Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС,

чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн. км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн. км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл. Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 10​23кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім. т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».

Літ.:

Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;

Поверхность Марса. М., 1980;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).
Да арт. «Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.
Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)